СТУДЫЯ ВІЛЕЙСКІХ НАРОДНЫХ АБРАДАЎ І ТРАДЫЦЫЙ
"КРАЯВІД"

 

У 2007 годзе на базе ДУ “Вілейскі краязнаўчы музей” пачала працаваць студыя вілейскіх народных абрадаў і традыцый “Краявід”, якая ў 2010 годзе атрымала званне “народны аматарскі калектыў”. Сваю дзейнасць студыя распачала з этнаграфічных экспедыцый па збіранню ўзораў народных абрадавых і святочных песен, запісу легендаў і паданняў, якія бытавалі і бытуюць на Вілейшчыне, збору прадметаў побыту, ткацтва, салома і –лозапляцення. За апошнія тры гады ўдзельнікі студыі праехалі дзесяткі вёсак Вілейскага раёна, запісалі вялікую колькасць вясельных, купальскіх, пятроўскіх, веснавых, восеньскіх і інш. песен, што стагоддзямі спявалі нашыя прадзеды.

Студыяй быў запісаны абрад “Вянок” народнага вяселля, зроблены падрабязныя апісанні найбольш значных этапаў вяселля на Вілейшчыне, сабрана багатая колькасць прадметаў (адзенне, музычныя інструменты, папяровыя кветкі для вяночка маладой, шаргуны для вясельных коней і інш.), якія так ці інакш выкарыстоўваліся на вяселлі, а таксама фотаздымкаў вяселляў канца ХІХ-ХХ стст. Была падрабязна прапрацавана вялікая колькасць навуковай літаратуры, што змяшчае запісы даследчыкаў народнай культуры ў нашым рэгіёне.

Удзельнікі студыі запісваюць успаміны бабуль і дзядуль аб тым, як праходзілі тыя ці іншыя абрады на Вілейшчыне, якія рэчы ў іх выкарыстоўваліся і якую сімвалічную і семантычную значнасць яны мелі. На падставе сабранага багатага матэрыялу складаюцца сцэнарыі абарадаў і святаў. Напрыклад, праводзіцца абрад вілейскага народнага вяселля “Горка – па-беларуску”, які кожную суботу (акрамя паста) ладзіцца у музеі ў беларускай хатцы і на культурна- турыстычным аб’екце “Вільянін хутар”. У абрадзе ўдзельнічаюць не толькі маладыя, але і ўсе госці на вяселлі. Кожны момант, кожны крок вяселля гэта не выдуманае дзея, а вернутыя да жыцця абрады і традыцыі нашых дзядоў, што бытавалі на Вілейшчыне. Такая папулярызацыя народных традыцый беларусаў вельмі важна ў наш час, бо яна паказвае маладому пакаленню ўсё багацце і разнастайнасць нашай культуры, якая вякамі існавала на нашых землях.