Косута

 

Вёска Касута

 

У часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай

Маёнтак, з'явіўся на землях вялізнай Куранецкай воласці як вынік велікакняжацкага падаравання і спачатку як бы не меў уласнай назвы і таму ў дакументах зваўся «іменнем в Куренцы».

У 1499 г. маёнтак Ядвігі Аляксандраўны, князёўны Гальшанскай, якой ён дастаўся ад мужа, Барташа Мантоўтавіча, пасля смерці якога яе новы муж, Ян Багданавіч Літавор Храбтовіч атрымаў ад яе правы на часовае (да яе смерці) ўладанне маёнткам.

У 1518 г. Станіслаў Янавіч Кезгайла, кашталян віленскі, атрымаў маёнтак ад сваёй трэцяй жонкі — Ядвігі Алехнаўны Судзімонтавіч, удавы Станіслава Барташэвіча Мантоўтавіча.

У 1529 г. маёнтак Станіслава Станіслававіча Кезгайлы, налічваў 103 сялянскія службы, ці 206 дымоў.

У 1554 г. тры часткі маёнтка, якія належалі дочкам Яна Глябовіча — Крысціне, Софіі і Альжбеце, набыў князь Венцлаў Вярбіцкі, біскуп жамойцкі, за 1500 коп грошаў літоўскіх. Пазней уласнікамі маёнтка былі князь Андрэй Іванавіч Вішнявецкі, Ганна Сапега (з роду Вішнявецкіх), Мікалай Сапега, Крыштоф Сапега, які прадаў маёнтак Себасцяну Свяцкаму. Да 1622 г. у маёнтку па фундушы Сапегаў заснаваны базыльянскі (уніяцкі) манастыр.

У 1638 г. уласнік маёнтка Себасцян Свяцкі падараваў Касуцкаму базыльянскаму манастыру частку свайго маёнтка: фальварак Воўкаўшчыну і грунт у сяле Касута для манастыра, царквы і могільніка.

У 1647 г. сыны Себасцяна Свяцкага — Ян, Аляксандр і Себасцян — падзялілі маёнтак паміж сабой.

У 1718 г. уласнасць Я.І.Лубянскага. Маёнтак складаўся з двара Касуты і вёсак Малмыгі, Чыжэвічы, Агароднікі і Плікавічы.

У 1723 г. Я.І.Лубянскі прадаў частку маёнтка — грунт Казлоўшчыну (0,5 валокі) каля в. Івонцавічы — Адаму Тышкевічу і яго жонцы Софіі.

У 1744 г. маёнтак, уласнасць Міхала Пяншэнскага,

У 1752 г. — Юзафа Пузыны, біскупа інфлянцкага,

У 1753 г. — Антонія і Францішкі (з Жабаў) Крываблоцкіх,

У 1766 г. — Ежы Крываблоцкага, у 1789 г. — Стафана Ромера,

 

У cкладзе Расейскай імперыі

У 1800 г. — Юзафа Міхала Ромера. Маёнтак быў злучаны з суседнім Куранцом. Сяло Касута было сумесным уладаннем Ю.М.Ромера (17 двароў, 68 сялян) і Касуцкай уніяцкай плябаніі (3 двары, 21 селянін). У сяле знаходзілася царква Успення Прасвятой Багародзіцы.

У 1824 г. маёнтак, уласнасць паноў Сулістроўскіх, у 1836 г. — Юзафа Ромера, у маёнтку 551 селянін,

У 1841 г., 1857 г. — Ігнацыя Тукалы. У 1886 г. вёска ў Куранецкай воласці, 5 двароў, 53 жыхары; царква, карчма.

 

У складзе Польшчы 1921-1939 гады

У 1938 г. у Куранецкай вясковай гміне, вёска, 21 двор, 135 жыхароў; хутары, 10 двароў, 74 жыхары; засценак, 8 двароў, 50 жыхароў, і маёнтак, 1 двор, 6 жыхароў.

Петрапаўлаўская царква

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1868 г. з бутавага каменю і цэглы. Прастольнае свята 12 ліпеня.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя 4-часткавая: 3-ярусная (васьмярык на 2 чацверыках) званіца, прамавугольная трапезная, кубападобная малітоўная зала, нізкая паўкруглая апсіда. Шатровае пакрыццё званіцы і 4-схільны дах асноўнага аб'ёму завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі на 8-гранных барабанах. Галоўны і бакавыя ўваходы вырашаны арачнымі праёмамі, якія аформлены парталамі, галоўны вылучаны 3-вугольным франтонам. Сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі з руставанымі архівольтамі. У аздабленні будынка выкарыстаны формы старажытнарускага дойлідства: кілепадобныя аркі, аркатурныя фрызы, філёнгі, лапаткі, прафіляваныя карнізы. Атынкаваныя і пабеленыя элементы архітэктурнага дэкору кантрастна вылучаюцца на фоне паліхромнай бутавай муроўкі.

У інтэр'еры аб'ёмы звязаны паміж сабой шырокімі арачнымі праёмамі. Трапезная і малітоўная зала перакрыты люстранымі скляпеннямі драўлянай, апсіда — конхай.

 

в. Касута – радзіма гетмана Украіны, аўтара першай Канстытуцыі Украіны Піліпа Орліка

Сёння, калі суверэнітэт брацкай Украіны выйшаў на новы, больш дэмакратычны і сучасны этап, асабліва яскрава бачацца і ўспрымаюцца тыя ідэі і справы, якія былі закладзены амаль трыста гадоў таму лепшымі прадстаўнікамі ўкраінскага народа ў іх барацьбе за сваю незалежнасць. Асаблівае ўражанне і небывалае пачуццё гонару выклікаюць абставіны, што сярод гэтых слаўных сыноў нашай паўднёвай суседкі значыцца і наш зямляк, выдатны ўкраінскі дзяржаўны дзеяч гетман Піліп Орлік. Яго роля ў станаўленні незалежнасці Украіны ў расійскіх і савецкіх падручніках наўмысна замоўчвалася, але пераацаніць яе цяжка.

Нарадзіўся ён 11 кастрычніка (22 па новым стылі) 1672 года непадалёку ад Вілейкі ў маляўнічым месцы на беразе некалі звілістай рэчкі Касуткі, якая стала цяпер залівам Вілейскага вадасховішча, у старынным сяле Касута, здаўна славіўшаяся старажытнымі храмамі, знатнымі ўладальнікамі мясцовага маёнтка і сваімі жыхарамі.

Сам маёнтак Касута з'явіўся тут пры вялікакняжацкім падараванні і спачатку не меў уласнай назвы. Таму ў ранейшых дакументах зваўся "іменнем в. Куренцы".

Паходзіў Орлік са старажытнага чэшскага баронскага роду. Палітычныя абставіны ў час паражэння на радзіме гусіцкай рэвалюцыі прымусілі аднаго з яго прадстаўнікоў выехаць з Чэшскага Каралеўства ў Польшчу, дзе да радавога імені дабавілася яшчэ назва "dе Lаsiska". 3 польскай лініі, што перанеслася на Літву і Беларусь, з шляхецкага роду герба "Навіна" і паходзіць непасрэдна будучы гетман Украіны.

Бацька яго – Сцяпан у 1673 годзе загінуў пад крэпасцю Хоцін (цяпер горад на рацэ Днестр у Заходняй Украіне), прымаючы ўдзел у польска-турэцкай вайне ва ўзросце 51 года, калі Піліп быў яшчэ немаўля. Усе турботы пра дзяцей ляглі на плечы маці Ірэны Малахоўскай з літоўска-беларускага шляхецкага роду герба "Грымала", якая ахрысціла сына па праваслаўнаму абраду, магчыма ўжо ў другі раз, бо бацька быў католікам.

Якім чынам Орлікі апынуліся ў Касуце тагачаснага Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, пакуль невядома. Як і невядома і пра першыя крокі Піліпа. Да школы ён хадзіў у ваколіцах роднага месца ("У школу на Літве"), затым вучыўся ў езуітаў у Вільні, але ўжо ў маладыя гады з'явіўся ў Кіеве, дзе атрымаў добрую адукацыю ў Кіева-Магілянскім калегіуме (пазней акадэміі), якая была першай у Расіі, да адкрыцця ў 1755 годзе Маскоўскага ўніверсітэта, вышэйшай школай і адыгравала відную ролю ў справе асветы. Прафесарам красамоўства і філасофіі ў калегіуме быў Сцяпан Яворскі, якога ў 1700 годзе асвяцілі на мітрапаліта разанскага і мурамскага, а праз два гады прызначылі яшчэ на болып высокія царкоўныя пасады ў Маскве.

Малады студэнт прыкіпеў да яго душой і пасля ўсё жыццё ставіўся да свайго настаўніка з павагай. Без сумнення Орлік звярнуў на сябе ўвагу ўжо ў калегіуме, дзе засвоіў пышнасці рытарычнага стылю, майстэрства авалодання неабходнай у тыя часы лацінскай мовай, уменне складаць лісты, мемарыялы, дагаворы ў яснай і лагічнай форме.

Як адзін з найлепшых выпускнікоў, Піліп спачатку працаваў пісарам у кансісторыі Кіеўскай метраполіі, а прыкладна з 1693 года – у Генеральнай вайсковай канцэлярыі, дзе зрабіў бліскучую кар'еру. Высокая адукаванасць, здольнасць і працавітасць юнака прыцягнула ўвагу гетмана Івана Мазепы, які шукаў добрых і сумленных супрацоўнікаў, каму можна было даверыцца.

Пасля шлюбу з Ганнай, дачкой палтаўскага палкоўніка Паўла Герцыка, атрымаў у пасаг значныя маёнткі, што паставіла яго яшчэ бліжэй да казацкай арыстакратыі Левабярэжжа. У 1702 годзе Орлік быў празначаны на пасаду генеральнага пісара, змяніўшы даволі вядомага Васіля Качубея. Ён значна лепш, чым хто іншы з гетманскага акружэння, арыентаваўся ў дзяржаўных справах, выконваючы важнейшыя з іх. Карыстаючыся даверам Мазепы, пастаянна знаходзіўся каля яго. Быў з ім і ў кастрычніку 1708 года, калі швецкі кароль Карл XII, які вёў вайну з Расіяй, увайшоў з войскамі на Левабярэжную Украіну, і Мазепа перакінуўся на бок караля.

Пасля паражэння шведаў у Палтаўскай бітве 1709 года яны разам з шведскай арміяй апынуліся на падкантрольнай туркам тэрыторыі ў Бендэрах, дзе наўзабаве з роспачы памірае "мяцежны" гетман, які, як паказаў час, быў не здраднік і сябелюб, а чалавек, які пайшоў за голасам сумлення народа і ўсё аддаў, як і яго аднадумца, за "светлы ідэал нацыянальнай незалежнасці". У красавіку наступнага года казацкая рада, у процівагу Івану Скараподскаму, стаўленіку Пятра I, гетманам Украіны абвясціла Піліпа Орліка, а праз месяц Карл XII прызнаў гэты выбар спецыяльным дыпломам.

Адной з важнейшых спраў маладога гетмана, з адабрэння казацкіх старшын, стала пагадненне, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай "Канстытуцыя праў і свабод Запарожскага Войска". Упершыню ў Еўропе была выпрацавана рэальная мадэль вольнай, незалежнай дзяржавы, заснаванай на нязнаных дасюль прынцыпах дымакратыі, і якая нават некаторы час дзейнічала на тэрыторыі Правабярэжнай Украіны. Мэтай гэтай Канстытуцыі было аб'яднанне Права- і Левабярэжжа Украіны ў моцную Украінскую дзяржаву пад адным гетманскім рэгіментам. Гэта была спадчына, якую ён пераняў ад Мазепы і якой ён застаўся верным на ўсё жыццё.

У сакавіку 1711 года Орлік з арганізаванай ім шаснаццацітысячнай украінскай арміяй, якую падтрымлівала звыш 30 тысяч палякаў, запарожскіх казакоў і крымскіх татар, рушыў на Украіну. Атрымаўшы на сваім шляху шэраг перамог, гэта войска неўзабаве падышло да Белай Царквы і асадзіла яе.

Аднак разлад у стане саюзнікаў і прыбліжэнне расійскай арміі вымусілі Орліка зноў адступіць да Бендэр. 3 гэтага часу пачалося жыццё гетмана ў эміграцыі, якое расцягнулася на доўгія 30 гадоў.

Спачатку жыў у Швецыі. дзе Карл XII штогод плаціў яму 13 тысяч талераў, частка якіх ішла на ўтрамання канцылярыі і генеральнай старшыны.

У 1718 годзе на полі бою ў Нарвегіі быў забіты швецкі кароль, з якім Орлік звязваў надзеі на вызваленне Украіны, схіляючы таго да новай вайны з Расіяй. Таму Орлік вымушаны быў з сям'ёй пакінуць Швецыю і пераехаць ў Германію.

Пётр I, імкнучыся вярнуць Орліка, прапанаваў яму з сям'ёй амністыю, аднак гетман-эмігрант не пайшоў на гэта, каб не нясці ў сабе ўсё астатняе жыццё нясцерпныя душэўныя мукі. Была спроба сілай захапіць непакорнага гетмана, як калісьці ўдалося гэта зрабіць з Андрэем Вайнароўскім, пляменнікам Мазепы, калі той адкрыта пражываў у Гамбурзе. Яго тайком схапілі і пераправілі ў Расію, дзе пражыў у Якуцкай ссылцы да самай смерці.

Арганізаваны гвалтаўны захоп сям'і Орліка цудам удалося пазбегнуць. Жонка і дзеці хаваліся ў розных манастырах, у адным з якіх памёр малодшы сын Якаў, на яго бацькі ўскладвалі вялікія надзеі. Усяго ў сям'і Орлікаў было 8 дзяцей – 3 сыны і 5 дачок.

Іх хроснымі бацькамі станавіліся выдатныя дзеячы тых краін, дзе яны нараджаліся. Якава – кароль Швецыі Карл XII, Марыі – кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Ляшчынскі, і сястра Карла XII Ульрына Элеанора і іншыя.

Старэйшы сын Рыгор пасля паражэння Турцыі ў руска-турэцкай вайне (1735-1739 гг.) выехаў у Францыю, дзе працягваў справу бацькі ў спробе нацыянальнага адраджэння сваёй бацькоўшчыны, атрымаўшы тытул графа і званне вольнага маршала на французкай службе.

Далейшы жыццёвы лёс завёў Піліпа Орліка ў Польшчу, Францыю, а затым у Турцыю. Апошніх 12 гадоў жыў у Салоніках (Грэцыя). Пасля пераехаў у Ясы, дзе і памёр 24 мая 1742 года.

Беларускі шляхціч па паходжанні і ўкраінскі незалежнік па светапогляду, Піліп Орлік быў не толькі палітычным дзеячам. Вядомы ён і як здольны паэт, які пісаў у "макаранічным" стылі сумессю польскай і лацінскай моў вершы, пераважна панегірыкі, прысвечаныя важным падзеям у жыцці вядомых асоб тагачаснай Украіны. Дарэчы, першы свой паэтычны твор Орлік надрукаваў у Вільні ў 1695 г. Пакінуў ён і "Дыярыуш (штодзённік) падарожжаў", які вёў з 1720 па 1731 гады, а таксама кнігу пра Івана Мазепу, трактаты "Вывад праў Украіны" (1712 г.) і "Маніфест да Еўрапейскіх урадаў"

I хаця планы, задуманыя Піліпам Орлікам і яго паплечнікамі, не здзейніліся, але яны адыгралі тады важнае значэнне, бо ў свядомасці многіх украінцаў сфарміравалі ідэю – якім шляхам мог бы пайсці дзяржаўны працэс на Украіне. Падзеі апошняга 15-годдзя і асабліва мінулага года – яскравы доказ гэтаму.

 

Анатоль Рогач