Гербы не давалі - ix даравалі

 

Існуе некаторае падабенства паміж чалавечым жыццём i жыццём горада. Як i людзі гарады нараджаюцца, растуць, дасягаюць пэўнага росквіту, потым старэюць i могуць увогуле знікнуць. Але сведчаннем ix былога гонару i славы засталiся старажытныя гербы, якія нагадваюць сучаснікам i нашчадкам аб багатай мінуўшчыне.

Гісторыя гарадскіх гербаў Беларусі налічвае некалькі стагоддзяў i, як добра ўжо вядома, цесна звязана з падараваннем беларускім гарадам i мястэчкам Магдэбургскага права ад імя вярхоўнай улады – вялікіх князей літоўскіх i каралей польскіх. Самакіраванне надавала гораду асобы прававы статус, служыла паказчыкам яго палітычнай i эканамічнай самастойнасці. Як абавязковы атрыбут дараванага самакіравання, герб, пачынаючы з канца 15 стагоддзя i на працягу многіх стагоддзяў,  меў самае шырокае прымяненне: адлюстроўваўся на пячатцы горада, размяшчаўся на будынку ратушы або магістрата. Пячатка горада не толькі прыкладвалася да магістрацкіх дакументаў, але i служыла гарантам якасці вырабляемых i вывазных тавараў.

У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 стагоддзя Беларусь (Вілейшчына пасля другога падзелу, 1793 год) з yciмi свaiмi землямі i людзьмі апынулася ў складзе Расійскай Імперыі. На беларускія землі распаўсюджваліся агульныя прынцыпы расійскага самакіравання.

У гэты час назіраецца інтэнсіўны працэс выцяснення старажытных гарадскіх гербаў i іхняя замена новымі, больш нейтральнымі, або наадварот такімі, якія падкрэслівалі прарасійскую  накiраванасць або ўслаўлялі царскую зброю. Яны надаваліся цэнтрам паветаў, намесніцтваў, пазней губерняў, што былі створаны на тэрыторыі Беларуci па агульнарасійскаму ўзору.

3 мая 1795 года, па новаму каляндарнаму стылю - 14 мая, гэтым днём датаваны Указ Імператрыцы Кацярыны II, паводле якога “… городу Минску

быть губернским городом, а города Мозырь и Пинск, также местечки казённые Вилейка, Докшицы, Дисна, Борисов, Бобруйск и находившийся во владении бывшего Виленского бискупа Игумень учредить уездными городами, присвоя им все права, выгоды и преимущества, которые жалованы российским городам Грамотою от 21 апреля 1785 года...”

22 студзеня (2 лютага) 1796 года зацверджаны даклад Сената аб гербах новых расійскіх губернскіх i павятовых гарадоў, у тым ліку i Вілейкі з малюнкам i апісаннем:

“В красном поле, с правого нижнего угла до верхнего левого изображена серебряная река Вилия, текущая в пределах сего округа; на ней видно плывущее судно, нагруженное товарами и продуктами, кои означены двумя связанными тюками и золотым ржаным колосом, в показание, что на той реке строят водоходные суда и отправляют на оных свозимые к берегам Вилии из разных мест товары и продукты”.

Паводле указа, ва ўсякім гербе павятовага горада ў верхняй частцы шчыта павінен быць герб губернскага горада, - спачатку Мінскай, а з уваходам Вілейкі ў 1842 годзе у Віленскую губерню, яго змяніў адпаведны сімвал.

Гарадскі герб, як i назва горада, - рэч незнішчальная. Увогуле, старажытны гарадскі герб заўсёды выконваў ролю візітнай карткі горада, i гэтая яго функцыя не страцілаа прызначэння i ў нашы дні.

Спачатку 1990-ых гадоў на Беларусі пытанні тэрытарыяльнай геральдыкі, упершыню пасля 1917 года, узведзены ў ранг дзяржаўнай палітыкі. 22 лютага 1994 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову, згодна з якой адбываецца працэс рэгістрацыі гарадскіх гербаў Беларусі.

Гістарычны герб вернуты і гораду Вілейка, зацверджаны 10 красавіка 2001 года Рашэннем №40 Вілейскага раённага выканаўчага камітэта. Герб занесены ў гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь 12 красавіка 2001 года пад №57: “ у чырвоным полі “рускага” або “французскага” шчыта срэбная рака, па якой плыве судна з цюкамі тавараў і залатым жытнім коласам пасярэдзіне”.  18 лістапада 2008 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджаны флаг Вілейскага раёна, які ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру, у цэнтры якога ў абрамленні белай каймы – выява герба.

3 гэтага часу, зацверджаныя герб горада Вiлейка i флаг Вілейскага раёна з’яўляюцца афіцыйнымі геральдычнымі сімваламі. Яны могуць размяшчацца на адміністрацыйных будынках і будынках мясцовых органаў улады, у памяшканнях для паседжанняў i службовых кабінетах, выкарыстоўвацца падчас правядзення дзяржаўных свят i ўрачыстых мерапрыемстваў. А таксама займаць месца побач з флагам i гербам дзяржавы, справа, пакідаючы за дзяржаўнымі сімваламі левае, больш пачэснае месца.

 

 Вольга Коласава ,

 навуковы супрацоўнік

 Дзяржаўная ўстанова “Вілейскі краязнаўчы музей”

 3.01.2021 г.