Вілейскі краязнаўчы музей быў заснаваны 30 ліпеня 1982 года. З гэтага часу і пачалася работа ў асноўным накірунку дзейнасці музея – фарміраванне і камплектаванне фондаў. Першы запіс у кнізе паступленняў асноўнага фонду, альбо ў галоўнай інвентарнай кнізе, быў зроблены 3 мая 1983 года і пад № 1, першы музейны прадмет, з якога пачалося фарміраванне фондаў – дакумент, які адносіцца да 1912 года.
"Выпись изъ кръпостной книги Виленскаго нотаріальнаго архива
по Вилейскому уъзду за 1912 годъ № 213 стран. 443 и 444"
(на четырех страницах, два листа в одно сложение,
с подписью временно исполняющего дела старшего нотариуса и печатью архива)
На 1 студзеня 2024 года колькасць адзінак асноўнага фонду складае 25 963 музейных прадмета, за год фонд павялічыўся больш чым на 200 адзінак. Усе музейныя прадметы аднесены да адпаведнай музейнай калекцыі, кожны прадмет прайшоў навуковую інвентарызацыю, якая з'яўляецца асноўнай формай навуковага даследавання і апісання. На 1 студзеня 2024 года колькасць адзінак навукова-дапаможнага фонду складае 8270 навукова-дапаможных матэрыялаў.
У музеі вядзецца вялікая і крапатлівая работа па выяўленні прадметаў музейнага значэння, камплектаванні музейных фондаў, унутрымузейнаму ўліку, навуковай апрацоўцы і захоўванні музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь. Камплектаванне музейных калекцый ажыццяўляецца ў адпаведнасці з профілем музея і канцэпцыяй навукова-фондавай работы. У дадзеным раздзеле вы пазнаеміцеся з калекцыямі нашага музея, з ўнікальнымі і тыпавымі прадметамі, якія ўваходзяць у іх.
УВАГА: музейныя прадметы на сайце размешчаны з мэтай іх папулярызацыі, пры карыстанні размешчанай інфармацыі трэба абавязкова пазначыць спасылку на сайт і выходныя дадзеныя прадмета: абрэвіятура музея (ВКМ), інвентарны нумар па кнізе паступленняў асноўнага фонду (КП) і інвентарны нумар па кнізе ўліку калекцый (ДПМ).