Адукацыйныя заняткі

Народная студыя вілейскіх народных абрадаў і традыцый “Краявід” П Р А П А Н У Е:

Новы праект для выхаванцаў дзіцячых садкоў і вучняў школ

“ГІСТАРЫЧНЫЯ ВАНДРОЎНІЧКІ або У ГОСЦІ ДА АЛЕНЫ”

(цыкл заняткаў-гульняў, заняткаў-лекцый)

Для таго, каб жыць асэнсавана і з пачуццём асабістай годнасці кожнаму чалавеку патрэбна ведаць свае вытокі, захоўваць памяць аб мінулым свайго народа, шанаваць яго традыцыі, любіць сваю бацькаўшчыну.
Найважнейшым накірункам з’яўляецца выхаванне ў дзяцей разумення і прыняцця сваёй роднай культуры і культуры іншых народаў, фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці.
Задачы, якія пастаўлены ў дадзеным праекце:

  • пашыраць веды пра родны край, помнікі гісторыі і культуры;
  • паглыбляць пачуццё любові і прыхільнасці да сваёй зямлі;
  • фарміраваць інтарэс да мінулага і сучаснага, да духоўных каштоўнасцей свайго народа;
  • фарміраваць нацыянальную самасвядомасць, усведамленне сваёй этнічнай прыналежнасці да пэўнай культуры, народа;
  • далучаць дзяцей да ўсіх відаў нацыянальнага мастацтва: ад архітэктуры да жывапісу і арнаменту; ад танца, казкі, музыкі да тэатра;
  • выхоўваць культуру талерантнасці (павагу да годнасці ўсіх без выключэння людзей, цярпімасці ў адносінах да іншых);
  • узбагачаць маўленне дзяцей творамі беларускага фальклору.

Сярод шматлікіх сродкаў для вырашэння пастаўленых задач найбольш дзейснымі з’яўляюцца:

  • родная мова. Менавіта з пазнання роднай мовы, з усведамлення яе як найвялікшай каштоўнасці і святыні свайго народу пачынаецца станаўленне самасвядомасці дзяцей. Родная мова – гэта не проста сукупнасць знакаў, а магутны сродак, з дапамогай якога дзеці далучаюцца да сваіх продкаў і нашчадкаў, гэта тое, што робіць іх прыхільнымі да бясконцага шэрагу пакаленняў, якія жылі да іх і будуць жыць пасля іх;
  • традыцыі, звычаі, абрады, святы – гэта найвышэйшы ўзровень развіцця духоўнай культуры;
  • фальклор ва ўсіх яго праяўленнях (казкі, загадкі, пацешкі, лічылкі і інш.);
  • сродкі матэрыяльнай культуры: элементы побыту беларускага народа (печ, стол, лаўка, посуд і інш.), прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (тканыя ручнікі, посцілкі, абрусы; выцінанка і інш.); нацыянальнае народнае адзенне (кашуля, спадніца, безрукаўка, фартух і інш.), абрадавыя лялькі, нацыянальная мастацкая літаратура і інш.

Дадзены праект падзелены на тры цыклы, якія з’яўляюцца асновай для вывучэння беларускай культуры, абрадаў, звычаяў і традыцый, прыкмет і павер’яў, беларускага народнага календара.
Кожны цыкл заняткаў з’яўляецца падрыхтоўкай для вывучэння наступных тэм. Распрацаваныя тэмы размеркаваны такім чынам, што знаёмства ідзе ад простых усім вядомых рэчаў – да больш складаных.
Канчатковым з’яўляецца трэці цыкл, які завяршае і падводзе вынікі.

Кожны занятак суправаджаецца ілюстрацыйным матэрыялам, які выканаў архітэктар, мастак і краязнаўца Анатоль Іванавіч Капцюг.
Мастак стварыў серыю малюнкаў, якія даюць магчымасць уявіць, як выглядала сялянская сядзіба з усімі гаспадарчымі пабудовамі, якое было ўбранне хаты, як жылі і якімі промысламі і рамёствамі займаліся сяляне, як адзначалі вялікія гадавыя святы і шмат іншага.
На малюнках, насычаных красамоўнымі гумарыстычнымі дэталямі, раскрываецца цэлая гісторыя адной сям’і, адной вёскі пачатку 20 ст.
Усе малюнкі можна было ўжо пабачыць ў “Рэгіянальнай газеце”, дзе на працягу двух год пад рубрыкай “Куфэрак” выходзіла “Школка дзядзькі Капцюга”.

Усе заняткі праходзяць у невялічкім пакойчыку выставачнай залы, які нагадвае інтэр’ер беларускай сялянскай хаты.

Кожны цыкл заняткаў разлічаны для:

  • выхаванцаў дзіцячых садкоў і вучняў пачатковай школы – заняткі-гульні на 15 – 25 хвілін;
  • вучняў сярэдняй школ – заняткі-лекцыі на 35 – 45 хвілін;
  • вучняў старэйшых класаў – лекцыі на 45 – 60 хвілін.

Дадзены праект разлічаны на розны ўзрост наведвальнікаў, дзе кожны зможа для сябе пазнаць нешта новае і цікавае.

Даведкі і папярэдні запіс на заняткі па
т. 5 – 41 – 47

УСІХ ЧАКАЕМ!