Зіма. Частка ІІ

     А як былі не толькі абуты, але і апраналіся нашы продкі стагоддзе таму назад?


      У канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. беларусы шылі верхняе адзенне ў большасці выпадкаў з матэрыялаў хатняга вырабу: сукна, аўчын, палатна. Верхняе адзенне шылі толькі спецыяльныя краўцы і звычайна без папярэдняй прымеркі. Як мужчынскае, так і жаночае верхняе адзенне было расхісным і зашпільвалася на драўляныя альбо абшытыя сукном гузікі.

      Верхняе жаночае адзенне – кажушок – шылі з вырабленай аўчыны; кароткі, альбо даўгі, прамога крою, вялікі адкладны каўнер, па баках праразныя ўнутраныя кішэні, зашпільваўся на чатыры гізікі, апуха ўдоўж верхняга крыса, па нізе і на кішэнях, мог быць чорнага альбо карычневага колеру. Пад яго апраналі спадніцу з ваўнянай тканіны ў буйныя клеткі. Галаўны убор – хустка, якая якая павязвалася адмысловым чынам: складалася папалам так, каб ўтварыўся трохвугольнік, далей абкручвалася вакол галавы і вольныя рагі завязваліся на цемені, пры гэтым рагі акуратна падтыкаліся, каб утварыць своеасаблівы вянец вакол галавы.

      Верхняе мужчынскае адзенне – бурка – шылі з саматканага валенага сукна шэрага колеру; доўгая, прамога крою, двухбортная, з адкладным каўнерам, шырокім хлясцікам з чатырма гузікамі ў два рады, з чатырма праразнымі кішэнямі (вертыкальнымі на грудзях, гарызантальнымі па баках), рукаў прамы, на манжэце хлясцік з гузікам, пад каўняром гаплікі для прышпільвання башлыка. Нагавіцы шылі з ваўнянай тканіы. Галаўны убор – шапка з футра лісы, белкі, зайца, але часцей з аўчыны футрам звонку (у некаторых выпадках футравыя шапкі зверху перацягвалі сукном).

     А вось абутак быў адмысловы – валенкі з валенай воўны, якія насілі як мужчыны, так і жанчыны.

***

     На жаль, у фондах Вілейскага краязнаўчага музея не маецца ні адной пары валёнак. Мы хочам звярнуцца да Вас, нашы паважаныя наведвальнікі сайта: будзем удзячны, калі хтосьці адгукнецца і перадасць у фонды музея пару валенак – узор народнага зімовага абутку.