Зіма. Частка ІІІ

Перыяду зімовага сонцастаяння надавалася значэнне, калі пачынаў адраджацца на новы віток жыцця Бог-Сонца. У гонар адраджэння Бога-Сонца ў народзе праводзіліся шматлікія урачыстасці і святкаванні, якія замацаваліся пад агульнаю назвай – Каляды.

На Беларусі па афіцыйным календары ў залежнасці ад веравызнання Каляды святкуюцца ў розныя даты: у католікаў з 24 снежны па 6 студзеня, а ў праваслаўных вернікаў з 6 студзеня па 21 студзеня. З прыходам хрысціянства дні зімовага сонцастаяння (Каляды) сталі звязваць з нараджэннем Іісуса Хрыста (Ражство Хрыстова).

Надыход Калядаў чакалі з вялікай нецярплівасцю, таму што ім папярэднічаў даволі строгі шасцітыднёвы Піліпаўскі пост (пачынаўся 28 лістапада), у час якога неабходна было прытрымлівацца шматлікіх абмежаванняў у ежы і паводзінах людзей, забараняліся вясёлыя і шумлівыя гульні дзяцей і моладзі дашлюбнага ўзросту.

6 – 7 студзеня – першая, посная, бедная, вялікая, галодная куцця – адзначалі Раство Хрыстова – Ражаство.

13 – 14 студзеня – другая, шчодрая, багатая, тоўстая куцця – Шчадрэц, Шчадруха, Агатуха – адзначалі Васільеў дзень, Васілле – Новы (Стары) год.

18 – 19 студзеня – трэцяя, вадапосная, галодная, хрышчэнская куцця – адзначалі Вадохрышча, Вадапосце, Вадзянуху, Кшчэнне.

Першы дзень калядных святкаванняў лічыўся святам выключна сямейным – калі за святочным сталом уся сям’я будзе разам, то гэтак жа разам і дружна пражыве увесь год. Астатнія дні святочныя застоллі праходзілі як у кругу сям’і, так і з запрашэннем у госці іншых сваякоў.

Калядныя вечары вызначаліся ігрышчамі і вячоркамі. Збіраліся ў карчме або ў вялікай хаце, дзе спачатку рабілі застолле, а пасля танцавалі, вадзілі калядныя карагоды, праводзілі розныя розыгрышы і гульні. Далучыцца да гэтай вечарыны жадалі многія аднавяскоўцы: падлеткі, моладзь, людзі сталага і сярэдняга веку. Старэйшыя абменьваліся ўспамінамі пра былое, мужчыны бавіліся гульнёй у карты: хто ў дурня, хто ў “свае казыры”, а хто і ў “чмыха”. Хлопцы-падлеткі з задавальненнем гулялі ў “ляскаўку”. А моладзь на ўсю ноч запрашала гарманіста (або нават гурт музыкаў), які танец за танцам уцягваў маладых людзей у вір эмоцый, заляцанняў, даючы хлопцам і дзяўчатам магчымасць прыгожа і далікатна выказаць свае пачуцці.