Беларуская міфалогія. Частка І

Міфічныя істоты насялялі нябесы, пекла ці падземны свет, лясную прастору, поле і агарод, вадаемы, балоты, паветраную прастору (Паветрык, Падвей). Ім знаходзілася месца ў хатах, на гарышчы, у коміне, у падпеччы, у гаспадарчых пабудовах. На іх ускладалася апекаванне свойскай жывелы і палеткаў, яны павінны былі назіраць за ўсімі гаспадарчымі працэсамі і падзяляць клопаты селяніна. Іх шанавалі, стараліся задобрыць у шматлікіх абрадах і разам з тым баяліся, асцерагаючыся пакарання. Адных любілі, другіх ненавідзілі, з трэціх пасмейваліся. Сваіх міфічных антыгерояў народ ствараў паводле сваіх жа чалавечых заганаў і хібаў, не ашчаджаючы самых брудных фарбаў на іх пачварныя партрэты. Ну, а калі чаго ў гэтым жыцці не хапала для калатнасці сюжэта, абмалёўкі знешнасці ці характару, у ход ішла нястрымная фантазія.

Хрысціянская рэлігія, парушыўшы адзіную сістэму язычніцкіх міфічных персанажаў, трансфармавала некаторыя вобразы, і часта яны працягвалі існаваць у свядомасці народа ў архаічнай і адноўленай іпастасях. Пра некаторых у народнай памяці засталося ўсяго па некалькі радкоў. На працягу амаль тысяч гадоў народ захоўваў у памяці звесткі пра дахрысціянскія вераванні, якія ўяўляюць спадчыну нашай архаічнай духоўнай культуры. Сення наўрад ці хто-небудзь усур’ёз успрымае язычніцкіх багоў і дэманаў як магчымы аб’ект рэлігійнага пакланення, яны хутчэй нагадваюць персанажаў казак альбо прымхліц. 

Ляля (Лёля) – багіня Вясня. Беларусы ўяўляюць яе ў выглядзе маладзенькай, прыгожай, стройнай, высокай дзяўчыны. Нездарма, пра самых прывабных дзяўчат раней звычайна казалі: “Прыгожая, як Ляля!”

У сярэдзіне 19 стагоддзя беларусы святкавалі Ляльнік (свята вясны) у сярэдзіне мая. На свята дзяўчаты з усёй вёскі збіраліся ўсім гуртам на прасторным лузе і выбіралі са свайго асяроддзя самую прыгожую сяброўку, якая б выражала ўяўленне іх пра Лялю. Потым карагод дзяўчат апранаў яе ў доўгую белую кашулю, упрыгожвалі ей шыю, рукі і стан рознай зелянінаю, а на галаву ўскладалі вянок з розных веснавых кветак.

Дзяўчыну-Лялю садзілі на ўзвышэнне, засланае зяленым дзірваном, на якім з аднаго боку былі пакладзены гладыш з малаком, сыр, масла, яйкі, смятана, тварог, а з другога – хлеб; ля ног Лялі клалі вянкі, адпаведна колькасці дзяўчат з карагода. Дзяўчаты, узяўшыся за рукі, вадзілі вакол Лялі карагод і спявалі ў пахвалу ёй песню, у якой прасілі цёплай вясны і багатага ўраджаю. У адказ на песню Ляля раздавала ўсім дзяўчатам па чарзе малако, масла, сыр і іншае, пакуль, нарэшце, нічога не заставалася. Пасля гэтага дзяўчаты пачыналі танцаваць і вадзіць карагод вакол Лялі. Ляля брала вянкі і кідала па адным на тых, хто танцуе, пакуль усе дзяўчаты не схопяць па вянку.

Вянкі і травы, якія абвівалі Лялю, захоўваліся цэлы год, да наступнага Ляльніка.

 

Такім чынам уяўлялі беларусы дзяўчыну-Лялю, маладая, прыгожая, стройная, з вяночкам кветак на галаве.

Дзяўчаты марылі быць падобнымі на Лялю.

 

У народзе казалі: Прыгожая, як Ляля!”

(Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік.

С.Санько, Т.Валодзіна, У.Васілевіч. Мн., “Беларусь”, 2004.)