Адкрыццё выстаўкі “Я – шлях, якому век няма спакою…”

4 кастрычніка 2014 года а 12 гадзіне ў Выставачнай зале імя Н.Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея адбудзецца адкрыцце выстаўкі “Я – шлях, якому век няма спакою…”. Выстаўка знаёміць з асобай паэта, яго жыццём і творчасцю ў гады Першай сусветнай вайны (1914–1918). Назва праекта – радок з верша Песняра цыкла “Песні вайны” 1914 г.

Лёс Янкі Купалы быў цалкам паяднаны з лёсам беларускага народа. Яго надзеі і трывогі, радасць і нядолю адлюстроўвае кожны радок паэта. Напярэдадні вайны ў творчай скарбонцы Янкі Купалы ўжо былі тры паэтычныя зборнікі “Жалейка” (1908), “Гусляр” (1910), “Шляхам жыцця” (1913), а таксама драматычныя паэмы “Адвечная песня” (1910) і “Сон на кургане” (1913), выдадзеныя беларускімі выдавецтвамі ў Санкт-Пецярбургу. Летам 1913 года датуюцца рамантычныя паэмы “Бандароўна”, “Яна і я”, “Магіла льва”.

Янка Купала ў 1908–1909 і 1913–1915 гадах быў супрацоўнікам і рэдактарам славутай беларускай газеты “Наша Ніва”, якая з Вільні разыходзілася па ўсёй Беларусі і замежжы. З яе старонак на роднай мове даведваліся беларусы пра падзеі ў родным краі, імперыі і свеце. У 1914 годзе газета паведаміла пра трывожныя касмічныя з’явы, камету і сонечнае зацменне, потым – трагічную для ўсяго свету вестку: пачалася вайна. Белыя плямы на старонках “Нашай Нівы” замест антываенных артыкулаў сталі знакам выразнай гуманістычнай пазіцыі аўтараў і самога рэдактара – Янкі Купалы. У вершах ваеннага часу, асабліва ў цыкле “Песні вайны” (1914), апублікаваным у “Нашай Ніве”, у артыкулах “Хай рунь красуе”, “Чвэрць года вайны”, “Вайна і самапомач” паэт выступае супраць вайны і яе бедстваў, падкрэслівае мужнасць і правату абаронцаў радзімы, неабходнасць дапамогі пацярпеламу мірнаму насельніцтву, сялянам, якія і ў цяжкія ваенныя гады сеюць хлеб.

Шляхамі вайны трапіў у Вільню ў якасці ваеннага карэспандэнта паэт-сімваліст Валерый Брусаў. Знаёмства паэтаў стала творчым сяброўствам: з’явіліся цудоўныя пераклады твораў беларускага паэта на рускую мову. Час захаваў аўтографы аўтара і перакладчыка верша “Адцвітанне”, выдатнага ўзору філасофскай лірыкі Янкі Купалы.

З набліжэннем фронту да Вільні выхад газеты “Наша Ніва” спыніўся. Янка Купала выехаў у эвакуацыю. Светлай падзеяй асабістага жыцця паэта стала вянчанне ў касцёле святых Пятра і Паўла ў Маскве з Уладзіславай Станкевіч, педагогам і аўтарам вершаў для дзяцей.

У 1916 годзе Янка Купала быў прызваны ў войска. Сведчаннем часоў яго службы ў дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін з’яўляюцца фотаздымкі швагра паэта Вікенція Станкевіча з унікальнага альбома-хронікі, якія экспануюцца ўпершыню.

Выстаўка праводзіцца ў рамках серыі мерапрыемстваў, прысвечаных 100-гадоваму юбілею пачатку Першай Сусветнай вайны.

Аўтар навуковай канцэпцыі выстаўкі: Марыя Барткова, загадчык аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, мастацкая канцэпцыя: Алена Галоўчыц, старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы.