Вечарына памяці да 140-годдзя з дня нараджэння мастака Льва Альпяровіча
6 снежня, у суботу, а 12.00 гадзіне ў выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча ДУ “Вілейскі краязнаўчы музей” адбудзецца вечарына памяці мастака Льва Альпяровіча, да 140-годдзя з дня нараджэння.
У праграме: адкрыццё выстаўкі, прэзентацыі аб жыцці і творчасці знакамітага мастака, а таксама, у выкананні народнага калектыва аўтарскай песні "Элегія" Вілейскага цэнтра эстэтычнага выхавання і ўзорнага ансамбля гітарыстаў "Адэліта" Вілейскай школы мастацтваў прагучыць праграма на яўрэйскія матывы.
ЛЕЎ АЛЬПЯРОВІЧ - МАСТАК З КУРАНЦА
Лейба (Леў) Абрамавіч АЛЬПЯРОВІЧ нарадзіўся 4 (16) снежня 1874 года ў мястэчку Куранец Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер аграгарадок Куранец Вілейскага раёна Мінскай вобласці) у яўрэйскай сям’і. Каля 1882 года сям'я пераехала ў Мінск. У 1890 годзе юнак паступіў ў Віленскую малявальную школу акадэміка І. П. Трутнева, дзе вучыўся два гады і атрымаў пахвальны ліст.
З 1892 па 1896 год Альпяровіч – у Адэсе, у малявальнай школе і агульнаадукацыйным вучылішчы Адэскага таварыства вытанчаных мастацтваў. Яго поспехі ў вучобе былі адзначаны малым і вялікім бронзавым медалямі за "жывапіс з мёртвай натуры" (нацюрморт) і малым сярэбраным медалём за малюнак з натуры.
У 1897 годзе Альпяровіч стаў вучнем Вышэйшага мастацкага вучылішча пры Імператарскай акадэміі мастацтваў, а з кастрычніка 1899 года - вольным слухачом майстэрні І.Я. Рэпіна. Праз тры гады атрымаў званне мастака, чын Х класа пры паступленні на дзяржаўную службу, права на нашэнне срэбнага акадэмічнага знака і на выкладанне малявання ў навучальных установах.
У 1902 годзе Альпяровіч пасяляецца ў Мінску, дзе і пражыў адзіннацаць гадоў. У канцы 1913 года ў "Мінскай газеце-капейцы" змешчаны некралог ад Савета Мінскага Вегетарыянскага Грамадства, які апавясціў "О кончине своего члена-соревнователя свободного художника Льва Абрамовича Альперовича, последовавшей 23 декабря после непродолжительной и тяжелой болезни".
Творчыя інтарэсы Льва Альпяровіча былі рознабаковыя. Ён пісаў краявіды, бытавыя кампазіцыі, вялікую ўвагу надзяляў партрэту. Аднак большасць яго работ мае характар эцюдаў.
Нацыянальны мастацкі музей Беларусі захоўвае больш як 50 твораў Льва Альпяровіча, акрамя таго работы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, Адэскім мастацкім музеі і прыватных калекцыях.