АДКРЫЦЦЁ МАСТАЦКАЙ ВЫСТАВЫ "ВІЛЕЙСКІЯ ДАЛЯГЛЯДЫ"
творчай суполкі мастакоў “Адраджэне”
23 студзеня 2015 года а 15 гадзіне ў зале выстаў імя Н.Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея адбудзецца адкрыццё мастацкай выставы “ВІЛЕЙСКІЯ ДАЛЯГЛЯДЫ” творчай суполкі мастакоў “Адраджэне”.
Вілейскі край багаты сівымі легендамі і паданнямі. Яго гісторыя насычаная і змястоўная. Многія векапомныя падзеі, якія адбываліся на Беларусі, пакінулі свой след і на берагах Віліі. З кожным годам Вілейка становіцца ўсё больш сучасным горадам, але ў ім цудоўна захоўваецца даўняя архітэктура на старых вуліцах. Вельмі маляўнічы і сам горад і яго наваколле. Такія яскравыя асаблівасці старадаўняга горада па-над Віліяй не могуць не прыцягваць мастакоў з мэтай правядзення тут творчых выстаў.
Менавіта з Вілейкі распачынае сёлета сваю выставовую дзейнасць мастацкая суполка “Абуджэнне”, у склад якой ўваходзяць жывапісцы, графікі, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Мінска і Узды: Андрэй Лычкоўскі, Фёдар Ладуцька, Яўген Шунейка і Уладзімір Сайко. Ужо некалькі год запар яны вандруюць па Беларусі і праводзяць свае суполныя выставы ў Полацку, Крычаве, Лідзе, Слоніме і іншых раённых цэнтрах Беларусі.
У прадстаўленай экспазіцыі на вілейскай выставе знайшло сваё месца тэматыка Першай сусветнай вайны, лінія фронта якой праходзіла па вілейскай зямлі. Ёсць сярод твораў і вобраз вялікага мастака-рэфарматара Уладзіслава Страмінскага, які тут правёў актыўны перыяд сваёй творчасці. Што характэрна для экспазіцыі суполкі, прадстаўлена шмат пейзажных твораў, якія з’яўляюцца вынікам смелых каларыстычных і тэхнічных эксперыментаў на падставе працы з натуры, на чыстым паветры на працягу аднаго сеанса.
Пасля завяршэння выставы кожны ўдзельнік суполкі падаруе некалькі сваіх твораў Вілейскаму музею, каб тут падтрымлівалася традыцыя збіральніцтва мастацкіх калекцый.
Выстава будзе працаваць на працягу месяца
ШТОДЗЕННА з 9.00 да 17.00
Выхадны: панядзелак
Тэл для даведак +3751771 54147