Пяты мастацкі пленэр юных мастакоў імя Н.Ю.Сілівановіча прайшоў у Вілейцы
У гэтым годзе V Раённы мастацкі пленэр імя Н.Ю. Сілівановіча быў прысвечаны 250-годдзю з дня нараджэння вядомага кампазітара, палітыка і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага.
Штогадовы пленэр юных мастакоў у пяты раз сабраў вялікую колькасць маладых талентаў, якія прысвячаюць сваю творчасць земляку, выбітнаму мастаку Н.Сілівановічу. Праграма пленэра была насычаная. Юныя ўдзельнікі малявалі архітэктуру і пейзажы ў цэнтры горада, пабывалі на радзіму мастака і мазаіста Нікадзіма Сілівановіча ў в. Цынцэвічы Вілейскага раёна. Пасля наведалі былы маентак Ганута, дзе калісьці размяшчалася сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага. Вынікам экскурсіі сталі яркія кампазіцыі юных мастакоў.
У гэтым годзе ўдзельнікамі пленэра сталі навучэнцы гімназіі №2 і №1 "Логас", а таксама Вілейскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, што аб'ядноўвае навучэнцаў розных школ горада.
Вынікам пленэра стала адкрыццё творчай выставы маладых мастакоў. На выставе было прадстаўлена больш за 100 прац. Гэта прысвячэнні М.К. Агінскаму, архітэктурныя, гарадскія пейзажы і кампазіцыі, выкананыя ў розных тэхніках - ад графікі да жывапісу.
- Дзеці ўспрымаюць свет і з'явы інакш, - адзначыў Эдуард Мацюшонак. - Іх працы заўсёды набываюць колер, характэрны настрою і стану душы ў момант напісання. Дзіцячыя карціны адрознівае шчырасць і непасрэднасць.
Святочны настрой падчас адкрыцця выніковай выставы стваралі выступы ансамбля танца «Карагод» гімназіі №2 (кіраўнік Ірына Новік) і юных спевакоў. Ва ўрачыстай абстаноўцы старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч ўручыла юным мастакам дыпломы і падарункі, набытыя пры фінансавай падтрымцы Вілейскага райвыканкама.