Персанальная выстаўка Наталлі Табушавай "Фарбы лета"
15 студзеня 2016 года а 16 гадзіне ў выставачнай зале імя Н.Ю. Сілівановіча ДУ "Вілейскі краязнаўчы музей" адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы Наталлі Табушавай “Фарбы лета”.
Наталля Табушава – мастак, мастацтвазнаўца, нарадзілася ў горадзе Мінску. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, а затым і магістратуру гэтай акадэміі. Свае працы яна прадстаўляла на 7 персанальных выставах у Полацку, Мінску, Заслаўі. Прымала ўдзел у больш чым 40 творчых мерапрымствах, сярод якіх выставы работ студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў, групавыя, рэспубліканскія, міжнародныя і замежныя выставы, пленэры і конкурсы. Удзельнічала ў сустрэчы творчай моладзі з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а таксама з’яўляецца аўтарам, кіраўніком і ўдзельнікам пленэра “Дух гісторыі”.
Мастачка працуе у жанры партрэт, нацюрморт, пейзаж і сюжэтная кампазіцыя. Рэпрадукцыі работ Наталлі Табушавай змешчаны ў многіх друкаваных выданнях. Яе творы знаходзяцца у фондах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Германіі і ЗША.
Усе, хто хоча пазнаёміца з творчасцю Наталлі Табушавай і сярод снежнай зімы апынуцца ў атмасферы лета, чакаем на адкрыцці выставы “Фарбы лета” 15 студзеня, а 16 гадзіне ў выставачнай зале імя Н.Ю. Сілівановіча, па адрасу г. Вілейка пл. Свабоды,1 тел. 5 41 47.