“ЛЕТАПІСНАЯ СТУЖКА ЧАСУ: з гісторыі праваслаўных храмаў Вілейшчыны”

У выставачнай  зале імя Нікадзіма  Сілівановіча ДУ "Вілейскі краязнаўчы музей" 23 сакавіка а 16 гадзіне адбудзецца адкрыццё выставы “ЛЕТАПІСНАЯ СТУЖКА ЧАСУ: з гісторыі праваслаўных храмаў  Вілейшчыны”.

Выстава прысвечана святкаванню ўгодкаў чатырох праваслаўных храмаў Влейшчыны. Дзве царквы – Кастыцкая Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх і Латыгальская Свята-Мікалаеўская – маюць больш чым 200-гадовую гісторыю і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, як помнікі драўлянага народнага дойлідства. Летапіс царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў аг. Даўгінава і Успенскай царквы ў в. Ручыца налічваюць амаль паўтара стагоддзя.

Сярод экспанатаў наведвальнікі змогуць пабачыць фатаздымкі, абразы, унікальныя дакументы, летапісы і метрычныя кнігі, а таксама старажытныя царкоўныя рэчы.

Мала хто не ўзрушыцца, гледзячы на прасцёртыя ў неба купалы, ці ў каго не ўстрапянецца нутро ад калакольнага перазвону. Заходзячы ў храм, немагчыма застацца абыякавым, калі мірскія турботы здаюцца дробнымі і неістотнымі ў параўнанні з непазнавальнасцю Сусвету. Кожны храм па свойму непаўторны і сваёй духоўнай змястоўнасцю ўвасабляе культурны досвід народа. Таму гісторыя царквы – гэта і гісторыя роднага краю. На падставе царкоўных дакументаў магчыма прасачыць не толькі за жыццем прыходу, але і за падзеямі, што адбываліся шмат гадоў таму, уявіць як жылі нашы продкі, а таксама саставіць свой радавод.

 

Гістарычная даведка

 

260-годдзе Царквы Святых Сарака Пакутнікаў Севасційскіх (в.Кастыкі).  Пабудавана царква ў 1756 годзе на сродкі гаспадара маёнтка Міхала Адама Слізня. Старэйшая культавая пабудова ў Вілейскім раёне і адзіная на Беларусі, асвячоная ў імя Сарака Пакутнікаў Севасційскіх. Прастольнае свята 22 сакавіка, у народзе святкуецца як “Сарокі”. Драўляная на каменным падмурку.  Да 1839 года  царква была ўніяцкай,  з 1873 года – прыпісная пры Камень-Спаскай царкве. Зачынена ў 1962 годзе, а  ў 1989 годзе святыня зноў вернута вернікам.

За час свайго існавання царква ў в. Кастыкі шмат разоў рамантавалася. Апошні капітальны рамонт адбыўся ў 2015годзе: заменена вонкавая шалёўка, змайстраваны новы гонтавы дах, заменены вокны і дзверы.

 

 

245-годдзе Царквы ў імя Свяціцеля  Мікалая Цудатворца (в.Латыгаль). Пабудавана царква ў 1771 годзе з дрэва, ў паўночнай частцы вёскі, як уніяцкая па фундацыі графіні Брыгіды Салагуб, замест знішчанай пажарам. Пераасвячона ў 1839 годзе, як праваслаўная.  Прастольнае свята 22 мая і 19 снежня.

Царква неаднаразова рамантавалася, нават са зменай у знешнм вобліку, але агульная архітэктурная кампазіцыя захавалася на працягу 245 год.

Помнік народнага дойлідства з рысамі барока.

 

 

145-годдзе Царквы Святой Жываначальнай Тройцы (аг. Даўгінава. Пабудавана царква ў 1871 годзе у паўднёвай частцы вёскі з цэглы з атынтоўкай. Вакол царквы – агароджа з рознакаляровых валуноў і дробных каменьчыкаў, якія ўтвараюць стракатую, мазаічную муроўку.

Помнік рэтраспектыўна-рускага стылю. Прастольнае свята 17 жніўня.

 

135-гддзе Царквы Успення Прасвятой Багародзіцы (в. Ручыца). Пабудавана царква ў 1881 годзе з цэглы з атынтоўкай на месцы драўлянай уніяцкай Петра-Паўлаўскай царквы. Храм кананічнай чатырохчасткавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Царква абнесена бутавай агароджай.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Прастольнае свята 28 жніўня.