Выстаўка Ганны Сілівончык “Гэты чароўны свет”

21 красавіка а 16 гадзіне ў выставачнай зале імя Н.Ю.Сілівановіча адбудзецца адкрыццё выставы Ганны Сілівончык  “Гэты чароўны свет”.

Ганна Сілівончык працуе ў незвычайным самабытным аўтарскім стылі. Яна стварае свой асобны свет, сваю ўласную сістэму вобразаў, сваю прастору сакральнага. У пошуках тэмы для сваіх твораў мастачка звяртаецца да архаічных пластоў культуры, пры гэтым імкнецца захаваць сувязь з мастацтвам ХХ стагоддзя.  Мноства разнастайных персанажаў – дзеці, закаханыя, людзі-жывёлы, людзі-анёлы, ільвы і міфічныя істоты-аднарогі, сірэны, цмокі – усе яны насяляюць сваеасаблівы чароўны свет твораў Ганны Сілівончык. Гэта свет казак розных народаў свету, гэта ажыўшыя дзіцячыя фантазіі і сны, гэта разважанні пра простыя і вечныя чалавечыя пачуцці - каханне, шчасце, радасць, нараджэнне новага жыцця. Гэта роздумы аб цяжкасцях чалавечых узаемаадносін, хаты, сям’і, пошуках сэнсу чалавечага існавання. І самае галоўнае – гэта каштоўнасць свету і непарушальная глыбокая сувязь усіх яго элементаў.

Незвычайнае і неадназначнае  злучэнне вобразаў, якое створана на палотнах Г. Сілівончык, амаль заўсёды з некаторай долей тонкага гумару, даюць моцны эмацыянальны зарад. Працуючы ў традыцыйнай тэхніцы жывапісу, мастачка імкнецца да разнастайнасці, эксперыментуючы з рознымі сродкамі выяўленчага мастацтва, выкарыстоўваючы фактуру і малюнак палатна, які выбіраецца спецыяльна для кожнага твора. Яна стварае ўласную, экспрэсіўную жывую мову, у якой перавага аддаецца яскравым звонкім гукам-фарбам. Тонкае пачуццё колеру і прадуманасць ліній, дасканалая праца над дэталямі – усё гэта дапамагае адлюстроўваць настрой. На палотнах самыя недасягальныя мары становяцца рэальнасцю, а простыя незвычайныя рэчы набываюць сімвалічны сэнс.

Даведка: Ганна Сілівончык нарадзілася ў горадзе Гомелі. Зараз жыве і працуе ў  Мінску.  Скончыла Беларускую Дзяржаўную Акадэмію Мастацтваў. З 2008 года з’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў. Яе творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і музеі сучаснага мастацтва горада Мінска, у фондах Гомельскага палаца-паркавага ансамбля Рэспублікі Беларусь, у музеі сучаснага рускага мастацтва Злучаных Штатаў Амерыкі, Елабужскім дзяржаўным музеі-запаведніку Расійскай Федэрацыі, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Францыі, ЗША, Японіі, Ізраіля, Італіі, Германіі, Польшчы і іншых краін.

Пабачыць чароўны свет мастацтва і пазнаёміцца з творчасцю Ганны Сілівончык можна на працягу месяца ў выставачнай зале імя Н.Ю.Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея

па адрасу: г.Вілейка пл.Свабоды, 1,

тэлефон для даведак – 5-41-47