Творчая сустрэча з беларускім літаратуразнаўцам, крытыкам і публіцыстам Адамам Мальдзісам і культуролагам і мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім у рамках Міжнароднага Дня музеяў і Года культуры

18 мая 2016 года а 16 гадзіне ў выставачнай зале імя Н.Ю. Сілівановіча ДУ “Вілейскі краязнаўчы музей, у рамках міжнароднага Дня музеяў і Года культуры адбудзецца творчая сустрэча з беларускім літаратуразнаўцам, крытыкам, публіцыстам  прафесарам  Адамам Мальдзісам і вядомым культуролагам і мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім. Галоўнай тэматыкай творчай дыскусіі стане тэма развіцця беларускага мастацтва.

Даведка:

Адам Мальдзіс нарадзіўся 7 жніўня 1932 года у вёсцы Рассолы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў адказным сакратаром у Радашковічскай раённай газеце “Сцяг Ільіча”.

У 1959 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, пасля вучобы з 1969 года працаваў навуковым супрацоўнікам. У 1963 годзе абараніў дысертацыю.  У 1986 годзе абараніў доктарскую дысертацыю.

У 1990 годзе быў у складзе дэлегацыі БССР і удзельнічаў у працы 45 сесіі ААН.

Адам Мальдзіс напісаў і выдаў шэраг кніг па гісторыі беларускай літаратуры. З 1954 года з’яўляецца сябрам Саюза пісьменнікаў СССР.

 

 Сяргей Харэўскі — гісторык мастацтва і архітэктуры, культуролаг, мастак і літаратар.

Скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна Акадэміі  мастацтваў  СССР,  аспірантуру  Беларускай  Акадэміі  мастацтваў.

Выкладаў у Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сааўтар  праектаў  «Беларуская  Атлантыда», «Наша страва» і  інш.