Адкрыцце выстаўкі мастака-графіка Уладзіміра Лукшы
"Мае натхненне"
19 мая 2016 года а 15 гадзіне ў выставачнай зале імя Н.Ю. Сілівановіча ДУ “Вілейскі краязнаўчы музей” адбудзецца адкрыццё выставы графічных работ Уладзіміра Лукшы пад назвай “Маё натхненне…”.
Беларусь невялікая краіна з прыгожай прыродай, багатай гісторыяй і культурай. У розных кутках Беларусі нельга не захапляцца маляўнічасцю роднага пейзажу. Прырода шчыра дорыць чалавеку непаўторныя сустрэчы, натхняюць на стварэнне дзіўных палотнаў. Мастак-вандроўнік Уладзімір Лукша многа свайго вольнага часу прысвяціў падарожжу па роднаму краю, знаёміўся з яго прыродай і помнікамі архітэктуры, а затым на белым аркушы паперы з’яўляліся пейзажы, вуліцы, шматпавярховыя дамы, ціхаплынныя рэкі, дубравы, белыя вежы палацаў і купалы царкваў.
Уладзімір Лукша нарадзіўся 15 мая 1948 года у в. Пагор’е Вілейскага раёна. У сям’і было дзевяць дзяцей, Уладзімір быў пятым. Многа часу ён праводзіў адзін на адзін з прыродай, менавіта ў гэтыя моманты ў будучага мастака з’яўляецца жаданне маляваць. Яшчэ будучы вучнем Спягельскай пачатковай школы даслаў ён свае малюнкі у газету “Піянер Беларусі”. Прааналізаваўшы яго работы мастачка Ала Замай параіла пачынаючаму мастаку займацца замалёўкамі з натуры. Пазней бацькі пераехалі у вёску Кульшыно. Так у калекцыі Уладзіміра Лукшы з’явіліся замалёўкі пейзажаў Любаншчыны. Яшчэ да вайсковай службы ён паступіў вучыцца у Маскоўскі завочны універсітэт імя Н.К. Крупскай на факультэт малюнка і жывапісу. Сумяшчаў вайсковую службу і вучобу.
Некаторы час Уладзімір Эдуардавіч Лукша жыў у горадзе Маладзечна. Яму прысвяціў многа сваіх работ. З 1972 года жыве ў г. Вілейка. Працаваў мастаком-афарміцелем на заводе “Зеніт” да 1995 года. Мастак увесь свой вольны час прысвяціў вандроўкам па Беларусі. З сабой ён браў не фотаапарат, а аркуш паперы і аловак. Творы Уладзіміра Эдуардавіча Лукшы друкаваліся ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Мінская праўда”, “Знамя юнасці”, “Шлях Перамогі”, часопісе “Родная прырода” і іншых выданнях. Ул. Лукша выдаў больш за 30 кніг-альбомаў сваіх малюнкаў, у некаторых кнігах змешчаны вершы.