У выставачнай зале імя Н.Ю.Сілівановіча адкрыецца фотавыстава Міхаіла Куляша пад назвай “www.michas.by.2016”


 

8 лістапада а 16 гадзіне ў выставачнай зале імя Н.Ю.Сілівановіча адбудзецца адкрыццё фотавыставы Міхаіла Куляша пад назвай www.michas.by.2016”.

Міхаіл Кулеш нарадзіўся 10 сакавіка 1982 года ў горадзе Вілейка. Закончыў сярэднюю школу №4 (зараз гімназія №2). Вельмі рана праявіліся творчыя здольнасці. Захапляўся маляваннем, разьбой па дрэве, кампутарнай графікай,  фатаграфаваннем. Зараз вядомы ў Вілейцы мастак-фатограф. Яго здымкі можна пабачыць у прасторы інтэрнэта, каталіцкім каляндары, выпушчаным да 100-годдзя Вілейскага касцёла. Шмат фатаграфій у наборы паштовак "Спадчына Вялейшчыны” і другіх  выданнях, якія распавядаюць пра нашу маленькую радзіму. Вядомы Міхаіл і як мастак-афарміцель розных буклетаў і іншай друкаванай прадукцыі.

Да сур’ёзнага занятку фатаграфіяй прыйшоў праз скаўтынг і газету “Лілея”.  Навучаўся на журналісцкіх курсах у Польшчы і Украіне, прымаў удзел у семінарах па фотажурналістыцы, арганізаваных Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

У 2012 годзе скончыў курсы па мастацкай фатаграфіі пры Саюзе дызайнераў Беларусі па дысцыпліне  "фармальная кампазіцыя” (выкладчык Уладзімір Голубеў) і “мастацкае фота”  (выкладчык Вадзім Качан, вядомы беларускі фатограф). Гэтыя курсы сталі адпраўной кропкай у свет мастацкай фатаграфіі.

 Удзельнічаў у некалькіх конкурсах. Па выніках аднаго з іх быў узнагароджаны бясплатным навучаннем на працягу 2014 - 2015 года ў Міжнароднай анлайн-школе ў рамках праекта “Увага, усмешку!”,  паспяхова прайшоў адукацыйны курс на міжнародным семінары “Тэхналогіі, тэндэнцыі і метады ў сучаснай фатаграфіі” ў рамках праграмы Усходняга партнёрства “Культура” і 2-га Мінскага фестывалю фатаграфіі.

Усе, хто хоча пазнаёміцца з творчасцю Міхаіла Куляша, чакаем у выставачнай зале імя Н.Ю.Сілівановіча па адрасу: г. Вілейка, пл. Свабоды,1 тэлефон для даведак 5 41 47.

 

навуковы супрацоўнік

Вілейскага краязнаўчага музея

Надзея Аўдзей