Выстава "Выцінанка" у рамках сумеснага праекта Вілейскага краязнаўчага музея і Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа імя М.К.Агінскага
14 лютага а 15 гадзіне ў выставачнай зале імя Н. Ю. Сілівановіча адбудзецца адкрыццё выставы “Выцінанка” ў рамках сумеснага праекта Вілейскага краязнаўчага музея і Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага “Беларускі матыў”.
Гісторыя выцінанкі даўняя, звязаная з вынаходніцтвам паперы ў старажытным Кітаі. У познім сярэднявеччы праз краіны Усходу выцінанка трапляе ў Еўропу і ў XVIII – XIX стст. была ўжо пашырана амаль на ўсёй яе тэрыторыі, у тым ліку і ў Расіі. На тэрыторыю Беларусі выцінанка прыходзіць у выглядзе фіранак, якімі аздаблялі вокны ў сялянскай хаце. З канца ХІХ ст. у інтэр’еры з’яўляюцца карункі з белай, чорнай, ці каляровай паперы , якімі ўпрыгожвалі сцены, бэлькі, вушакі, вокны, мэблю, паліцы для посуду і абразоў. Яны выконвалі тую ж самую ролю, што і тканыя посцілкі, маляваныя куфры, вышываныя і карункавыя ручнікі, дарожкі, сурвэткі, падузорнікі. 1950-1970-я гады – час амаль поўнага заняпаду выцінанкі. У традыцыйным побыце яна ўжо не сустракалася, не набыла працягу і ў творчасці народных майстроў.
У 1990-я гады адзначаны шырокі рост цікавасці да “мастацтва паперы і ножніц”. Паспрыяла гэтаму, з аднаго боку, агульная зацікаўленасць у адраджэнні традыцыйнай культуры, з другога – даступнасць матэрыялу, лёгкасць работы з ім і ў той жа час шырокія творчыя магчымасці выцінанкі. Яна пачынае прыцягваць увагу народных майстроў, аматараў рукадзелля, прафесійных мастакоў.
Значную ролю ў другім нараджэнні выцінанкі адыгралі майстры Маладзечна. Тут, пры музычным каледжы імя М.К.Агінскага, было адкрыта аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе выкладчыцай стала працаваць В. Чарвонцава – добра вядомая майстрыха шырокага творчага дыяпазону. Адзін з напрамкаў яе педагагічна-творчай дзейнасці – работа з паперай. Як ніякі іншы матэрыял, папера давала шырокія магчымасці для вырашэння асноўных мастацкіх задач – абагульнення прыродных формаў, пошукаў у галіне каларыстыкі, стылізацыі, кампазіцыі і інш.
У 2016 годзе аддзяленню дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва споўнілася 20 год з дня яго адкрыцця. За гэты час калектыў дасягнуў значных вынікаў, прымаў удзел у гарадскіх, рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Выцінанка экспанавалася ў Польшчы, Германіі, Маскве. За якасныя работы з розных матэрыялаў (папера, саломка, лён, дрэва, сумяшчэнне тэхнік) некаторыя навучэнцы аддзялення атрымалі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Усе, хто хоча пазнаёміцца з мастацтвам стварэння ўзораў з паперы і паспрабаваць стварыць сваю выцінанку, чакаем 14 лютага, а 15 гадзіне ў выствачнай зале імя Н.Ю. Сілівановіча па адрасу г. Вілейка пл. Свабоды,1, тэлефон для даведак 5 41 47.
Дырэктар музея
Аўдзей Н.В.