У выставачнай зале імя Н.Ю.Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея адбылося адкрыццё выставы "Фарбы Полацкай зямлі" клуба шыцця з ласкутоў “Рошва”

 

9 лістапада ў выставачнай зале імя Н.Ю. Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея,  адбылося адкрыццё выставы “Фарбы Полацкай зямлі”, на якой прадстаўлены работы майстроў народнага клуба шыцця з ласкутоў “Рошва” з  горада Полацка.

У народзе заўсёды шанавалі ручную працу як крыніцу духоўнасці. Сярод такіх вядомых відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як вышыўка, вязанне, пляценне, асаблівае месца займае шыццё з ласкуткоў, карані якога сыходзяць у далёкае мінулае. Прынята лічыць, што гэтая тэхніка, ўпершыню з’явілася ў Англіі, але верагодна, што гэты занятак адначасова з'явіўся ў розных краінах незалежна адзін ад аднаго. Вырабы з ласкуткоў сустракаюцца ў Расіі, Еўропе, Амерыцы, Аўстраліі.

Існуе тэорыя аб тым, што шыццём з ласкутоў займаліся ад беднасці.  Але гэта не так. Гаспадыні, выкарыстоўваючы  ласкуткі  ў папраўцы адзення, маглі паказаць сваю руплівасць, майстэрства і вынаходлівасць у эканоміі і вядзенні хатняй гаспадаркі. Тканіна была вялікай каштоўнасцю, гэта вымушала жанчын з частак старога  адзення рабіць новае, а таксама ствараць розныя вырабы для ужытку.  Не выпадкова, што да з'яўлення ласкутных арнаментаў паслужыла старажытнае мастацтва, стварэння мазаічных кампазіцый, якое дайшло да нас з глыбіні стагоддзяў. Нездарма шыццё з ласкуткоў называюць  «Ласкутная мазаіка».

Сёння мастацтва ласкутнага шыцця перажывае сваё другое нараджэнне. З'явілася шмат майстроў, якія ўзнялі гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на небывалую вышыню, ствараюцца шматлікія клубы, студыі, майстэрні, якія вывучаюць і развіваюць ласкутнае шыццё.

Народны клуб майстроў ласкутнага шыцця «Рошва» пад кіраўніцтвам Ярмух Ніна Іосіфаўна працуе з 2000 года,  пры цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур горада Полацка. Ён аб’ядноўвае жанчын рознага ўзросту і прафесій, якія адраджаюць майстэрства ласкутнага шыцця. Вырабы майстроў клуба "Рошва" раз'ехаліся па далёкіх краінах - ёсць яны ў Венецыі, Германіі, Даніі, Аргентыне, Швецыі, Расіі, Японіі, у многіх гарадах Беларусі.

Ярмух Ніна Іосіфаўна кіраўнік народнага клуба майстроў ласкутнага шыцця «Рошва»

навуковы супрацоўнік

Вілейскага краязнаўчага музея

Арцемянкова М.П.