Выстава "Погляд мінулай эпохі" на фотаздымках пратаіерэя Паўла Валынцэвіча

 

Фотавыстава “Погляд мінулай эпохі”

Выставачная зала імя Н.Ю. Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея запрашае наведаць выставу “Погляд мінулай эпохі” на фотаздымках протаіерэя Паўла Валынцэвіча. Больш за 20 фотаздымкаў, адсканіраваных з шкляных негатываў, якія цудам захаваліся да нашых дзён пазнаёмяць наведвальнікаў выставы з гісторыяй Вілейшчыны пачатку 20 стагоддзя: храмы, падзеі, людзі. Большасць фотаздымкаў – вёска Касута. І гэта, невыпадкова.

6 красавіка 1899 года вакантнае месца свяшчэнніка ў сяле Касута ўступлена закончыўшаму курс Літоўскай семінарыі псаломшчыку Мастаўлянскай царквы Гродзенскага павета Паўлу Валынцэвічу, 25 мая – пасвячоны ў духоўны сан і прызначаны настаяцелям царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла, дзе і праслужыў да 1902 года.

Свяшчэннік Павел Валынцэвіч меў шырокае кола інтарэсаў.Ён пісаў карціны, захапляўся астраноміяй і прыродазнаўствам, карыстаўся сонечным гадзіннікам і менавіта па ім выстаўляў час на кішэнным. Сабраў вялікую бібліятэку, якой карысталіся ўсе яго знаёмыя і вернікі. Жыва цікавіўся палітыкай, разводзіў пчол…

Але найбольшым яго захапленнем было фатаграфаванне. Гэтай новай незвычайнай справай айцец Павел зацікавіўся менавіта ў Касуце. Там і пачаў фатаграфаваць, і першы яго фотаздымак – Свята-Петра-Паўлаўская царква – 1900 год. Пасля здымаў ўсё, што было навокал, усе падзеі, якія назіраў: храмы, вёскі, святы,уборку ураджаю, будаўніцтва хаты, прыродныя з’явы.Таму галоўнай адметнасцю фатаграфічнай спадчыны Паўла Валынцэвіча і сталі менавіта такія здымкі, якія зафіксавалі гісторыю свайго часу.

Унікальны фотаархіў Паўла Валынцэвіча захаваўся да нашых дзён і сёння мае выключную гістарычную каштоўнасць.Вядомы беларускі фатограф Уладзімір Суцягін не толькі пачысціў шкляныя негатывы і адсканіраваў, але, дзякуючы подпісам на негатывах, устанавіў імя фатографа і многія месцы фатаграфавання.

Асобыя словы ўдзячнасці Дзмітрыю Сярэбранікаву з Мінска, дзякуючы якому адбылася гэта выстава, у калекцыі якога сёння захоўваюцца арыгінальныя шкляныя фотанегатывы Паўла Валынцэвіча. Дыск з фотаздымкамі Вілейшчыны перададзены ім  ў дар Вілейскаму краязнаўчаму музею.

Выстава працуе з 14 жніўня 2018 г.

Вольга Коласава,

старшы навуковы супрацоўнік музея