Аўтарская выстава Уладзіміра Ліхадзедава "Беларуь 1914-1918. Вайна і мір."
Выстава “Беларусь 1914-1918. Вайна і мір”
З 18 кастрычніка па 11 лістапада 2018 года ў выставачнай зале імя Н.Ю. Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея будзе праходзіць аўтарская выстава Уладзіміра Ліхадзедава “Беларусь 1914-1918. Вайна і мір”. Выстава прысвячаецца 100-годдзю заканчэння Першай Сусветнай вайны і з’яўляецца працягам аўтарскага праекта “У пошуках страчанага”, які распачаўся 14 верасня 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.
100 гадоў таму, на германа-французскай граніцы, ў Камп’енскім лесе перамір’ем 11 лістапада 1918 года быў пакладзены канец кровапралітнай Вялікай Еўрапейскай вайне, палыхаўшай на зямным шары амаль пяць гадоў. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як “Дзень прымірэння”, дзень заканчэння Першай Сусветнай вайны. Вайна, якая пакінула глыбокі след і на нашай, вілейскай зямлі.
Беларусь амаль на чатыры гады ператварылася ў арэну крывавых бітваў. Тут вяршыліся гераічныя подзвігі і гіблі нявінныя, звыш 800 тысяч нашых суайчыннікаў было мабілізавана, каля 70 тысяч ураджэнцаў Беларусі загінула на франтах у складзе рускай арміі, каля 2 мільёнаў – сталі вымушанымі бежанцамі.
На выставе будуць прадстаўлены экслюзіўныя фотаматэрыялы з прыватнай калекцыі вядомага гісторыка, даследчыка і аўтара кніг па Першай Сусветнай вайне Уладзіміра Ліхадзедава. Наведвальнікі выставы змогуць самі пераканацца, як вайна і мір ужываліся на беларускай зямлі ў гады Першай Сусветнай: бітвы і франтавы быт, догляд за раненымі і трагедыя бежанцаў – усе гэтыя тэмы будуць паказаны вачыма салдат і мірных жыхароў па два бакі фронту.
Адкрыццё выставы адбудзецца 18 кастрычніка а 16. 00 гадзіне.
Запрашаем усіх жадаючых.
Коласава В.А.,
старшы навуковы супрацоўнік музея.