Часовая экспазіцыя “Горад напісаны крокамі. Адваротная перспектыва” Галіны Левінай
“Горад напісаны крокамі. Адваротная перспектыва”,
пад такой назвай з 31 сакавікапа 26 красавіка 2020 года ў выставачнай зале імя Н.Ю. Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея будзе працаваць мастацкая выстава. Наведвальнікам прадстаўлены больш за пяць дзесяткаў аўтарскіх работ архітэктара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Галіны Левінай.
Галіна Левіна – чалавек у Беларусі вядомы і як дзейны архітэктар, рэстаўратар, і як грамадскі дзеяч, прапагандыст яўрэйскай культуры, і як дачка знакамітага акадэміка архітэктуры Леаніда Левіна. А яшчэ, як аўтар сцэнаграфіі і паэтычных зборнікаў.
Малюнкі на гэтай выставе выкананыя Галінай Левінай у розны час і ў розных месцах, і не толькі Беларусі. Сапраўды, яе гарады “напісаны крокамі”, яны літаральна “выхаджаныя” і “увабраныя” аўтарам. Алоўкі, пастэль, туш, фламастэр, блакнот сталі абавязковымі спадарожнікамі яе ванддровак і службовых камандзіровак. Асабліва Галіну Левіну прываблівае гісторыя і архітэктура малых гарадоў, дзе, як сцвярджае яна“захоўваецца ні з чым не параўнальны дух мястэчка, па-своему ўнікальны і непаўторны”.
Сёння малюнкі архітэктара Галіны Левінай паступова становяцца рарытэтам ужо ў сілу свёй поўнай “непатрэбнасці” у сучаснай праектнай працы, бо з яе рэпрэзентацыяй паспяхова спраўляюцца камп’ютарныя графічныя праграмы. Разам з гэтым сыходзіць цэлая эпоха архітэктараў, якія ездзілі па свеце з мальбертам і алоўкам у руках.
Часы мяняюцца і зараз архітэктурны малюнак лічыцца паўнавартасным і самастойным відам мастацтва. Яго пачалі збіраць не толькі знатакі графікі, але і буйныя музеі. У Беларусі пакуль такія выставы рэдкасць.
Запрашаем на выставу, якая прадоўжыцца да 26 красавіка. Спадзяёмся, што магчыма ў некаторых нашых вілейчан, пасля наведвання выставы, з’явіцца жаданне ўзяць у рукі аловак або фламастэр і намаляваць свой горад, яго вуліцы і завулкі, архітэктурныя пейзажы і “партрэты”будынкаў – каштоўныя не толькі сваёй гісторыяй, але прыгожосцю і непаўторнасцю.
Вольга Коласава,
навуковы супрацўнік
Вілейскага краязнаўчага музея.