НІКОЛІ БОЛЬШ

Фраза “Ніколі больш!”, вынесеная ў загаловак выставы, упершыню была выкарыстана ў красавіку 1945 года, калі выжыўшыя і вызваленыя вязні канцэнтрацыйнага лагера Бухенвальд прадэманстравалі яе на розных мовах на самаробных шыльдах. Зараз яна высечана на камені ў лагерах смерці Трэблінка і Дахаў. Гэты лозунг выкарыстоўваецца ва ўсім свеце як заклік да барацьбы з фашысцкім генацыдам і забароны ўсіх форм генацыду. 

Для гэтай выставы са шматлікіх экспанатаў Нацыянальнага мастацкага музея выбраны 14 знакавых твораў народных мастакоў Беларусі: Георгія Паплаўскага (1931–2017), Васіля Шаранговіча (1939–2021), старэйшага мастака Беларусі Лазара Рана (1909–1988).

Развязаўшы Другую сусветную вайну, прыняўшы план “Барбароса” для нападу на СССР і генеральны план “Ост”, кіраўніцтва Германіі распрацавала дакументы, у якіх ваенныя злачынствы ўзводзіліся ў разрад дзяржаўнай палітыкі. У перыяд вайны ў Беларусі функцыянавала больш за 500 месцаў прымусовага ўтрымання цывільнага насельніцтва, 260 лагераў смерці і 170 гета, дзе знішчана не менш як 1,4 мільёна чалавек.

Беларускія мастакі ўжо з 1940-х гадоў пачалі мастацкае асэнсаванне трагедыі, што адбылася на беларускай зямлі. Іх творы маюць вялікае эмацыянальнае ўздзеянне. Выстава, што складаецца з 14 графічных аркушаў, падзяляецца на тры раздзелы: “Рэквіем” (каляровыя літаграфіі Васіля Шаранговіча з цыкла “Памяці вогненных вёсак”), “Эпітафія” (літаграфіі Лазара Рана з серыі “Мінскае гета”), “Абвінавачванне” (афорты Георгія Паплаўскага з серыі “Час доўгіх нажоў”. Кожны з гэтых мастакоў перажыў вайну асабіста, страціўшы ўсіх блізкіх (Лазар Ран) або пражываючы ў дзяцінстве на акупаванай тэрыторыі (Васіль Шаранговіч і Георгій Паплаўскі). Іх творы – мастацкае абвінавачванне фашызму.

Дакументальная частка выставы – Закон Рэспублікі Беларусь “Аб генацыдзе беларускага народа”, прыняты ў студзені 2022 года ў мэтах захавання памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.

Расследаванне генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца данінай памяці загінуўшым, бязвінна знішчаным грамадзянам нашай краіны, але і адначасова нацэлена на забеспячэнне захавання прынцыпаў непазбежнай адказнасці, аднаўлення гістарычнай і сацыяльнай справядлівасці.

Часовая экспазіцыя будзе дзейнічаць па 30 лістапада 2022 г. па адрасе: г. Вілейка, пл. Свабоды,1, Выставачная зала імя Н.Ю. Сілівановіча, час працы: 10.00 – 18.30, выхадны - панядзелак.

Шчыра запрашаем!

 

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

ДУ “Вілейскі краязнаўчы музей”