Адкрыццё выставы і прэзентацыя кніг Уладзіміра Ліхадзедава
23 лістапада адбудзецца ўрачыстае адкрыццё помніка загінуўшым у Айчыннай вайне 1812 года. А таксама ў зале выстаў ім. Н.Сілівановіча пройдзе адкрыццё выстаўкі “1812 год. Вайна і мір”, а таксама прэзентацыя кніг Уладзіміра Ліхадзедава “Храналогія Айчыннай вайны 1812 года на старых паштоўках і ў графіцы” і “Помнікі Айчыннай вайны 1812 года на старых паштоўках”, якія прысвечаны падзеям 1812 года.
Выстаўка літаграфій, гравюр і паштовак "1812 год. Вайна і мір" праходзіць у Мінску, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У час адкрыцця выставы Уладзімір Ліхадзедаў падняў пытанне аб аднаўленні двух помнікаў рускім, французскім і польскім воінам, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі ў час вайны 1812 года.
На выстаўцы, якая пройдзе ў Вілейскім краязнаўчым музеі будуць прадстаўлены літаграфіі па карцінам цыкла 1812 года знакамітага мастака-баталіста і літаратара Васіля Васільевіча Верашчагіна (1842-1904).
Верашчагін падрабязна вывучаў гісторыю Айчыннай вайны 1812 года, надавая значную ўвагу ваенна-гістарычным рэаліям. Ён у 1887-1900 гг. стварыў у Маскве і Парыжы серыю з 20 карцін, якія і будуць прадстаўлены ў Вілейцы. Таксама, на выстаўцы, можна будзе ўбачыць арыгіналы паштовак па якіх можна прасачыць за гісторыяй ваеннай уніформы расійскай і французкай армій, а таксама вывучаць не толькі дэталёвую геаграфію вайсковых паходаў, але і побыт французскіх салдат.
Галоўнай мэтай выставы Ул. Ліхадзедава з’яўляецца не толькі экспанаванне ўнікальнай калекцыі паштовак і літаграфій, але і прыцягненне ўвагі да гістарычных падзей, якія прайшлі праз тэрыторыю нашай краіны і па-рознаму закранулі лёсы беларусаў той эпохі.
Адметнымі ва ўсіх сэнсах з’яўляюцца і кнігі прысвечаныя падзеям 1812 года.
«Храналогія Айчыннай вайны 1812 г. на старых паштоўках і ў графіцы» - гэта альбом, што прадстаўляе сабой збор больш 300 паштовак і графічных выяў, якія адлюстроўваюць храналогію Айчыннай вайны 1812 года. Выданне заснавана на каштоўнейшым зборы паштовак і графікі канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя знакамітых беларускіх калекцыянераў – гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава і мецената Уладзіміра Пефціева.
«Помнікі Айчыннай вайны 1812 г. на старых паштоўках» - у дадзеным альбоме прадстаўлена каля 200 старых паштовак з выявамі помнікаў падзеям і героям вайны 1812 г. Шмат з гэтых манументаў не захаваліся да нашага часу, як і помнік 1812 г. на старым тракце Маладзечна-Вілейка. Выданне заснавана на зборы паштовак канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя беларускага гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава і расійскага калекцыянера Кірыла Сокала Усе выявы помнікаў суправаджаюцца змястоўным гістарычным апісаннем.
Дарэчы, прэзентацыя гэтых кніг ужо адбылася ў Маскве, дзе яны атрымалі высокую адзнаку ад кіраўніцтва Расійскай дзяржавы.
Уладзімір Ліхадзедаў - гісторык, калекцыянер, мецэнат, лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.
Выдаў 13 кніг, сярод якіх: " Знічкі Айчыны" Ліхадзедаў Уладзімір, Карлюкевіч Алесь, 2008 г.; "Беларусь праз аб'ектыў нямецкага салдата 1915-1918" Ліхадзедаў Уладзімір, 2008 г.; "Адам Міцкевіч на паштоўках канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя", Ліхадзедаў Уладзімір, 2008 г.; "Мінск: падарожжа ў часе", Ліхадзедаў Уладзімір, 2008 г.; "Юльюш Славацкі на паштоўках канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя", 2009 г.
Кірыл Сокал – вядомы расійскі гісторык, кандыдат геаграфічных навук. З’яўляецца аўтарам цэлага шэрага кніг аб расійскіх помніках — «В металле и камне», «Русская Варшава» і інш.