Адкрылася выстава "Цвяток радзімы васілька"
21 снежня адбылося адкрыццё выставы Алы Судніковіч.
“Цвяток Радзімы васілька…” – так называецца выстава. І кветкі – простыя і адначасова дзіўныя, знаёмыя – і такія непазнавальныя – буяюць на карцінах Алы Судніковіч. Яны нагадваюць традыцыйныя беларускія арнаменты і ўзоры, і ў гэтым – пераемнасць традыцыйнага і сучаснага мастацтва. Бо менавіта ў народным мастацтве карані мастацтва сучаснага. Першымі з лекцыяй выступілі госці – Рыгор Шаура, загадчык кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, член Саюза мастакоў Беларусі, і Аляксандра Шляхава, доктар педагагічных навук, прафесар Даўгаўпілскага інстытута мастацтваў і дызайну. Дырэктар краязнаўчага музея Сяргей Ганчар заўважыў, што ў работах Алы Расціславаўны і яе вучняў – водгукі традыцый роспісу куфраў, маляваных дываноў, роспісу па шкле і шмат чаго іншага.
Талент, сям’я, Радзіма – на гэтым засноўваецца творчасць Алы Судніковіч. Сцвярджаючы гэтыя неаспрэчныя і галоўныя ісціны, сваёй творчасцю аўтар карцін жадае гэтага і нам. Прабуджаючы ў душы светлыя і добрыя пачуцці. Асабіста мне з усіх работ запомніўся “Калядны пачастунак” – ён стаў сапраўдным падарункам у гэты перадсвяточны час. Ужо хутка да нас прыйдуць Новы год і Каляды. І калі гэтымі марознымі днямі вашай душы таксама захочацца дакрануцца да чагосьці светлага і нават казачнага, знайдзіце час – зазірніце на выставу. Станоўчыя эмоцыі вам забяспечаны.
Артыкул і фота Таццяны Шаршневай
www.peramoga.by