Адкрыццё выстаўкі "Маляваны рай" з фондаў Вілейскага краязнаўчага музея і Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў Магілёўскім музеі этнаграфіі

 

5 красавіка 2013 года ў рамках праекта “Культура не ведае правінцый”  ў  Магілёўскім музеі этнаграфіі адчынілася выстаўка “Маляваны рай”  з фондаў  Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыта і Вілейскага краязнайчага музея.

На выстаўцы прадстаўлены традыцыйныя прадметы дэкору сялянскага жылля - малюнкі на шкле, маляваныя дываны і макаткі, распісныя куфры. Доўгі час гэтыя віды мастацтва лічыліся творамі кітчу. Толькі цяпер пачынаюць адраджацца беларускія традыцыі роспісу і музейшчыкі пачынаюць збіраць гэтыя прадметы ў свае зборы.

Цэлая серыя работ малюнкаў на шкле, якія адлюстроўваюць "паненак" - дзяўчат з парцалянавымі тварамі ў капялюшыках, якія трымаюць у руках птушак або кветкі, аўтарскія макаткі і паўдываны прадстаўлены на выстаўцы з фондаў Вілейскага музея. Такія работы стваралі на продаж, а некаторыя - дарылі па выпадку, напрыклад, на дзень нараджэння. Тут жа яркія кветкі - адзін з самых распаўсюджаных матываў: яны і на малюнках, і на дыванах-макатках. Ёсць нават варыяцыя на тэму знакамітай карціны Васняцова "Тры багатыры " і казкі "Іван царэвіч і шэры воўк" створанныя майстрам з в. Старынкі Вілейскага раёна.

У прадметах сялянскага мастацтва, прадстаўленых на выстаўцы, шмат кветак, якія дапаўняюцца птушкамі, жывёламі і людзьмі. Звычайны навакольны свет выдатныя народныя майстры ператваралі ў прыгожую казку, у незвычайны чароўны свет, які існаваў толькі ў глыбіні душы мастака. Дзівосны сон, які павінен быў ператварыцца ў яшчэ невядомую нікому зямную казку.  Можа, той мастак з народа, які першым стварыў гэтую прыгажосць на кавалку такніны, на куфарах, на шкле і іншых прадметах прадстаўленых на выстаўцы і быў тым творцам, які падняўся ў сваіх марах у паднябесную вышыню, які спаткаў натхненне і які стварыў той самы  “Маляваны рай”.

Пасля Магілёва выстава “Маляваны рай” пераедзе ў Вілейку і будзе экспанавацца ў Зале выставак імя Н.Ю. Сілівановіча з сярэдзіны мая.



Маляваныя дываны І. Занковіча з в. Любоўшы Вілейскага раёна