70 год знішчэння фашыстамі разам з жыхарамі вёсак Любча і Боркі

 

За сваю шматвяковую гісторыю Беларусь неаднаразова станавілася арэнай кровапралітных войн. Кожная з іх пакідала пасля сябе смерць і разбурэнні. Самыя вялікія страты беларускі народ панёс у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Разам з падрыхтоўкай ваенных планаў Германія рыхтавала праграму жудасных злачынстваў на тэрыторыі акупаванай Беларусі. У 1940 г. быў распрацаваны Генеральны план «Ост». Гітлер заяўляў: «Мы абавязаны вынішчыць насельніцтва – гэта ўваходзіць у нашу місію аховы германскага насельніцтва… Я маю права знішчыць мільёны людзей ніжэйшай расы, якія размнажаюцца, як чарвякі». 30 сакавіка 1941 г. на нарадзе вышэйшага каманднага саставу вермахта Гітлер падкрэсліў, што ў вайне супраць Савецкага Саюза барацьба будзе весціся "на знішчэнне", што "барацьба будзе моцна адрознівацца ад барацьбы на Захадзе. На Усходзе жорсткасць мяккая для будучыні". У адпаведнасці з генеральным планам «Ост» прадугледжвалася знішчэнне на тэрыторыі СССР і Польшчы 120-140 млн. чалавек.

Страшны лёс быў наканаваны беларускаму народу. Ажыццяўленне нацыстамі палітыкі генацыду беларускага народа пачалося з першых дзён вайны. Расстрэлы і масавыя экзекуцыі набылі велізарныя памеры.      

2013 год азначаны 70-годзем і трагедыі на Вілейшчыне – знішчэннем жыхароў вёсак Любча і Боркі Хаценчыцкага сельскага Савета. Зараз на месцы гэтых вёсак мемарыяльныя комплексы, якія маўкліва нам нагадваюць тыя жудасныя часіны.

5 мая 1943 года адбылася амаль тая ж сітуацыя, як і ў Хатыні. Напярэдадні,  партызаны напалі на калону немцаў і застрэлілі некалькі афіцэраў. Праз дзень ў бліжэйшыя ад таго месца лясныя вёсачкі прышлі немцы і пачалі жудасную расправу. У в. Любча карнікі пад выглядам праверкі выплаты падаткаў сабралі мужчын у хаце жыхара Станкевіча, а затым перагналі ўсіх у ток, які аблажылі саломай. Жанчын з дзецьмі сагналі асобна ў памяшканні на другім канцы вёскі. Потым абодва будынкі падпалілі. Тых, хто спрабаваў выскачыць праз страху ці шчыт растрэльвалі. Усяго было спалена 92 жыхары і толькі траім дарослым ўдалося ўцячы. Адзін з іх пабег ў бліжэйшую вёску Боркі, але там, таксама ўжо гарэлі людзі. Доўгі час на мемарыяльнай дошцы на абеліску в. Боркі значылася  98 прозвішч загінуўшых вяскоўцаў. Аднак, адной дзяўчынцы, якой на той момант было 11 год ўдалося выжыць. Зараз яна жыве ў в. Рабунь, ёй 81 год і завуць яе Анасовіч Фаіна Сяргееўна. Яна адлзіная, хто застаўся жывым сведкам той жудаснай трагедыі. Толькі ў 80-я гады дошку на абеліску змянілі і зараз там размешчана 97 прозвішчаў загінуўшых.  Выратаванне 11-гадовай дзяўчынкі – гэта цуд лёсу і тое, што перажыла яна гэта не перадаць словамі. У агні загінула яе маці, браты, сёстры, а таксама ўсе аднавяскоўцы. Яна таксама, ледзь не загінула – яе маглі спаліць, яе пыталіся растраляць, але ей было наканавана жыць. Потым яна папала ў ільянскі інтэрнат, затым да дзеда ў Бязводнае, які яе перадаў цётцы ў в. Рабунь.

Вялікая Айчынная вайна прынесла толькі смерць і страты і больш нічога. Усе вогненныя вёскі ўшанаваны на Мемарыяле “Памяці былых вёсак” каля в. Снежкава, на асобным камні, які мае выгляд перавернутага звона (колакала) змешчана памятная дошка з назвамі спаленных вёсак, якія не адрадзіліся пасля вайны, бо адраджаць іх не была каму…