Творчая сустрэча з супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і Майстар-клас па роспісу на шкле ў рамках выстаўкі "Маляваны рай"

 

5 чэрвеня 2013г. а 15 гадзіне адбудзіцца творчая сустрэча з супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і майстар-клас па роспісу на шкле ў рамках дзеючай выстаўкі “Маляваны рай”, што прадстаўляе прадметы з калекцый малюнкі на шкле,  маляваныя дываны, куфры, прадметы ткацтва са збораў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і Вілейскага краязнаўчага музея.

Усе гэтыя творы, на першы погляд зусім не падобныя адзін да аднаго, аб’ядноўвае малюнак. У прадметах, якія прадстаўлены на выставе, пераважае кветкавы матыў. Іншым разам ён дапаўняецца выявамі птушак і людзей. Ва ўсіх народаў свету кветкі атаясамліваліся з цеплынёй, сонцам, вясной і радасцю. Праз патрэбу ўпрыгожыць тую прастору, у якой жыў чалавек, ён выказваў свае ўяўленні пра навакольнае асяроддзе.

Аснову выставы складаюць малюнкі на шкле. Роспіс на шкле – гэта адна з праяў дэкаратыўна- прыкладнога жывапісу ў аздабленні традыцыйнага жылля. У адрозненне ад маляваных куфроў і дываноў, гэты від народнага роспісу менш вядомы. Геаграфія паходжання прадстаўленных на выставе малюнкаў на шкле ахоплівае ўсю Беларусь, акрамя Гродзеншчыны.

Сапраўднай рэдкасцю з’яўляюцца маляваныя на шкле абразы. Даследчыкамі сцвярджаецца, што ў народаў Цэнтральнай Еўропы роспіс на шкле амаль цалкам насіў сакральны характар, часам набываючы і сюжэтна-тэматычныя рысы, то на Беларусі ў большасці выпадкаў ён быў арнаментальна-дэкаратыўны, у якім пераважаюць букеты, вазоны, кветкі, з імі спалучаюцца арнаментальна вырашаныя фігуры птушак, сустракаюцца пейзажы; што асобныя карцінкі на шкле на біблейскіе, бытавыя, казачныя і вуснафальклорныя тэмы амаль што не захаваліся да нашага часу. Наяўнасць у калекцыі абразоў на шкле 1900 – 1920-х гг. дазваляе выказаць меркаванне пра іх шырокае бытаванне ў ранейшы час і трансляцыю першаснай сакральнай функцыі малюнкаў на шкле.

Вельмі падобны да малюнкаў на шкле маляваныя дываны. Росквіт мастацтва маляваных дываноў прыпадае на даваенныя і першыя пасляваенныя гады XX стагоддзя. Тады цяжка было знайсці сялянскую хату, пакоі якой не ўпрыгожвалі бы «маляванкі», якія па традыцыі дарылі маладым на вяселле. Людзі прыходзілі да мастакоў з вялікімі і маленькімі скруткамі палатна і праз пэўны час забіралі прыгожыя маляваныя дываны – з вялікімі букетамі кветак, сюжэтнымі замалёўкамі, птушкамі і інш. Дываны малявалі звычайна на саматканым ільняным палатне, пафарбаваным часцей за ўсё ў чорны колер.

У кожным творы, няхай то малюнак на шкле, маляваны дыван, куфар, або тканы выраб праяўляецца індывідуальнасць аўтара. Кранальная пяшчота і прыгажосць кветак, птушак і пейзажаў не можа пакінуць абыякавым сэрца гледача. Вытанчанасць вобразаў на момант заварожвае  кожнага і ўцягвае  яго ў бясконцы карагод духоўнага жыцця Мастака, якое адгукнецца  ў душы чалавека, які спыніўся ў роздумах каля дзіўных твораў мінулага.