Чытанні ў гонар Івана Кандрацьева прайшлі ў краязнаўчым музеі
Чытанні ў гонар Івана Кандрацьева прайшлі ў краязнаўчым музеі
Непагода, што прынёс з сабою “Крыстафер”, не перашкодзіла наведаць у мінулую суботу залу выстаў краязнаўчага музея. Менавіта тут упершыню ладзіліся чытанні, прысвечаныя Івану Кандрацьеву – таленавітаму земляку, чыё імя было вернутае з забыцця. Чытанні (яны ж – навуковая канферэнцыя) сабралі тых, хто меў непасрэднае дачыненне да пошуку і сістэматызацыі звестак пра Івана Кандрацьева. А яшчэ тых, хто даследуе яго творчую спадчыну сёння, землякоў і проста аматараў таленту, непадуладнага часу. Першыя Кандрацьеўскія чытанні так і называліся: “Талент, непадуладны часу”.
“Люблю наш край, старонку гэту…” Уступным акордам да адкрыцця мерапрыемства стала выступленне ансамбляў скрыпачоў і гітарыстаў Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў, якое надало моманту ўрачыстасці. Удзельнікаў канферэнцыі прывітала Наталля Радзевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў. Да землякоў звярнуўся Аляксандр Смолік – аўтар манаграфіі пра Івана Кандрацьева, загадчык кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар культуралогіі, прафесар. Ён нарадзіўся праз сто год пасля славутага земляка – каб разам з віляйчанамі ўшанаваць яго імя. Тое, што ў Івана Кандрацьева (Кандрата Казіміравіча Рогача) было каля трыццаці чатырох псеўданімаў, уносіла свае карэктывы ў пошукі. Але крок за крокам праца ў архівах давала плён – імя земляка, яго разнастайная творчая спадчына вярталіся з небыцця. Сёлета ўбачыла свет манаграфія “Божы дар Івана Кандрацьева”. Першая яе частка прысвечана жыццёваму і творчаму шляху паэта, пісьменніка, аўтара песень, перакладчыка, другая – гэта ўрыўкі з твораў Івана Кандрацьева, якога па таленце яго сучаснікі параўноўвалі з Вікторам Гюго. Цяпер, паведаміў Аляксандр Іванавіч, мяркуецца, што Кандрацьеўскія чытанні стануць традыцыйнымі.
Таісія Сухоцкая, кандыдат культуралогіі, дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, спынілася на культуралагічным аспекце рамана Івана Кандрацьева “Бич Божий” (”Гунны”). Творчай спадчыне Івана Кандрацьева былі прысвечаны таксама выступленні іншых удзельнікаў канферэнцыі – супрацоўнікаў універсітэта культуры і мастацтваў, студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў. Тамара Бурко, дырэктар раённага дома рамёстваў, расказала пра тое, як зусім выпадкова ўдалося натрапіць на след Івана Кандрацьева – падчас арганізаванага ёю свята вёскі Каловічы, калі яе старэйшыя жыхары дзяліліся ўспамінамі. Як потым знайшла падмурак таго дома, дзе жыла яго радня. Як расказала пра знаходку – цікавыя факты – Анатолю Рогачу…
Дзейнасць Сымона Барыса прысвечана даследаванню культуры Нарачанскага краю. А ў кнізе Сымона Вікенцьевіча “Беларускія песні і гімны” адна са старонак прысвечана славутаму земляку, яго вядомай у свеце песні “По диким степям Забайкалья”.
Песні ў творчасці Івана Кандрацьева прысвячалася і выступленне Вольгі Вярбіцкай, старшага выкладчыка ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Паэтычнае слова Івана Кандрацьева гучала з яе вуснаў. І падумалася, што яно, нібы вандроўнік, абышоўшы свет, нарэшце вярнулася на радзіму. Да землякоў, якія захоўваюць слынную спадчыну Івана Кандрацьева, для якой час і забыццё былі з’явамі часовымі.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара
www.peramoga.by