"Тышкевіцкія чытанні"

У кастрычніку супрацоўнікі Вілейскага краязнаўчага музея прымуць удзел у навукова-практычнай канферэнцыі, якая адбудзецца у г.Смаргонь. Праблемнае поле канферэнцыі або ”Тышкевіцкіх чытанняў” акрэслена наступным чынам: “Рэгіянальныя музеі – прадаўжальнікі справы братоў Я. і К.Тышкевічаў”.

У гэтым годзе сваі даклады на чытаннях прадставяць чатыры навуковыя супрацоўнікі, у чатырох розных напрамках. Так, дырэктар музея будзе прэзентаваць даклад па тэме “Праблемы і перспектывы развіцця рэгіянальных музеяў”; старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава падрыхтавала матэрыял “Вілейскі краязнаўчы музей: 30 год з дня заснавання”. Крыху ў іншым накірунку напісаны артыкул Кацярыны Сушко, яна закранула праблему культуна-адукацыйнай дзейнасці рэгіянальных музеяў і зрабіла гэта на прыкладзе праекта ART-VILEYKA, які ў гэтым годзе праходзіў у музеі.   Даклад Аўдзей Надзеі прысвечаны “Інфармацыйным тэхналогіям у гісторыі музейнай справы”. Дарэчы, гэта ўжо чацвертыя “Тышкевіцкія чытанні”, якія штогод праводзяцца ў розных кутках Беларусі, так ці інакш звязаных з дзейнасцю і жыццем знакамітых братоў, Яўстафія і Канстанціна.

Закранем крыху гісторыю ідэі стварэння і правядзення ”Тышкевіцкіх чытанняў”. Канферэнцыя, як ужо было адзначана вышэй, праводзіцца ў чацверты раз. Ідэя арганізацыі першых “чытанняў”  належыць кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Таму першая канферэнцыя ў 2008 годзе адбылася менавіта там. У 2009 годзе чытанні адбыліся на радзіме братоў Тышкевічаў- у Лагойску. А у 2010 годзе ўдзельнікаў канферэнцыі прымаў Вілейскі краязнаўчы музей. Такім чынам, арганізатары прытрымліваюцца негалоснай дамовы аб захаванні геаграфіі асноўных падзей жыцця і дзейнасці братоў. Трэба дадаць, што кожны год напярэдадні канферэнцыі выдаецца зборнік матэрыялаў чытанняў.  А таксама трэба зазначыць, что Тышкевіцкія чытанні існуюць не толькі для навукоўцаў універсітэтаў і навуковых супрацоўнікаў музеяў. Перш наперш яны праводзяцца для шырокага кола краязнаўцаў і людзей, неабыякавых да гісторыіі сваіх мясцін. Кожны раз тэматыка і праблемнае поле канферэнцыі пашыраецца, а пытанні якія асвятляюцца падчас чытанняў адлюстроўваюць тэндэнцыі сучаснай навуковай думкі.

(Па матэрыялах да Тышкевіцкіх чытанняў,

з размовы са старшым навуковым супрацоўнікам В.Коласавай)

Матэрыялы з папярэдніх чытанняў можна паглядзець у раздзеле Аналітыка