"Горад, у якім мы жывем"

 

28 верасня адбудзецца адкрыццё выставы Эдуарда Мацюшонка "Горад, у якім мы жывем".

Эдуард Уладзіміравіч Мацюшонак-Вилейскі мастак рэаліст. На сённяшні момант у Эдуарда Уладзіміравіча адбылося 18 персанальных выстаў.

                                  

 

Адкрываць восень выставай Эдуарда Мацюшонка для Вілейскага краязнаўчага музея ўжо стала традыцыяй. Эдуард Уладзіміравіч і ў гэты раз прапануе нам пачаць восень з разважанняў, бо кожная яго карціна-гэта маленькае эсэ пра жыццё. «Горад, у якім мы жывем» - так называецца выстава, адкрыццё якой пройдзе 28 верасня ў зале выстаў ім.Н.Ю.Сілівановіча.
 
Здавалася б, няма нічога прасцей, чым зрабіць выставу, прысвечаную нашаму гораду. Кожны, хто хоць крыху знаёмы з творчасцю Эдуарда Мацюшонка ведае - мастак сапраўдны патрыёт Вілейкі. Большая частка яго прац аб Вялейшчыне: рэканструкцыі, замалёўкі, пейзажы - усё прысвечана любімаму гораду. Гораду, які, дарэчы кажучы, стаў родным для Э.Матюшонка 28 гадоў таму.
Але што такое горад? Горад не як сацыяльны ці эканамічны цэнтр, не як геаграфічная кропка на карце. Што такое горад для кожнага з нас? Менавіта гэтым пытаннем задаецца мастак. На выставе горад упершыню паўстане перад намі як прастора перасячэння не толькі, традыцый, культур, перакананняў, унутраных прынцыпаў, але яшчэ і як месца, дзе перасякаюцца чалавечыя лёсы, канкрэтныя гісторыі.
 
Менавіта таму на выставе гледачы ўбачаць не толькі карціны з намаляванымі на іх краявідамі з відамі горада, рэканструяванымі мастаком, але даўно зніклымі гістарычнымі і культурнымі аб'ектамі. Будуць тут і карціны, прысвечаныя постацям, з імёнамі якіх цесна звязана гісторыя нашага города. Так, гісторыя горада пішацца кожным з нас. Але і горад, таксама піша сваю гісторыю. І год за годам ён упісвае гараджан у сваю ўнутраную геаграфію, пакідаючы свой адбітак у кожным з нас. Мелодыі ціхіх вуліц, гукі званоў цэркваў і касцёлаў, маўчанне гісторыі-ўсё, што завецца паэтыкай горада, усё гэта застаецца ў нас у сэрцах. Бо Вілейка-гэта не проста горад. Вілейка-гэта месца на карце нашых пачуццяў.