17 верасня – 100 – годдзе з дня нараджэння Максіма Танка

 

“ВІЛЕЙСКІ ПЕРЫЯД” 

                                     Максіма  Танка 

 

Напачатку чэрвеня гэтага года “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры” арганізаваў  фотапленэр па месцах, звязаных з жыццем і творчасцю народнага паэта Беларусі Максіма Танка. У маршрут, намечаны загадзя, быў уключаны і горад Вілейка, і невыпадкова. Можна вылучыць два перыяды ў жыцці і творчай дзейнасці  Максіма Танка,  якія  датычацца Вілейкі:

 

1926 – 1928 гг.- паступіў  ў  3- ці клас рускай прыватнай гімназіі. “Чаму я паступіў не ў польскую,- тлумачыць М.Танк,- а ў рускую сярэднюю школу, былі наступныя прычыны: у польскую я спазніўся прыехаць здаваць экзамены, ды ў рускую гімназію мне лягчэй было паступіць”. Гімназія належыла таврыству прыватнай сярэдняй школы горада Вілейкі і размяшчалася ў будынку былой прыватнай жаночай прагімназіі ( начальнікам якой да 1917 года была Мажухіна Аглаіда Венядзіктаўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры ), якая прывіла будучаму паэту любоў да літаратуры і заахвоціла да творчасці. Знаходзілася на вуглу вуліц імя Дуб-Бернацкага ( 1 Мая ) і 11 лістапада ( 17 верасня ), цяпер на гэтым месцы будынак “Белаграпрамбанка”.

У Вілейцы Яўген Скурко (сапраўднае імя паэта) зрабіў сваю першую літаратурную спробу: пераказаў у вершаванай форме легенду пра Шкленікоўскае возера, што чуў ад дзеда, складае некалькі пейзажных вершаў.  А яшчэ яму першы раз удалося пабыць на спектаклі  “Запарожац за Дунаем”,  які ставіў прафесійны ўкраінскі тэатр. Грошай на білет у хлопца не было, а яму вельмі хацелася пабачыць сапраўдны тэатр. У будынак пажарнай аховы ( зараз тут краязнаўчы музей), дзе павінен праходзіць спектакль,  прабраўся яшчэ з самай раніцы і чакаў увесь дзень  пачатку пастановы.

У 1928 годзе польскія ўлады закрылі гімназію і многія вучні былі пераведзены ў пяты клас Радашковіцкай беларускай гімназіі.

 

1939 –1940 гг. – у кастрычніку 1939 года Максім Танк зноў вяртаецца ў Вілейку “... Праз шмат год зноў апынуўся ў старой і знаемай мне Вілейцы. Зараз цяжка пазнаць гэты былы захалусны павятовы гарадок, слаўны сваім высачэзным касцелам і пабудаванай яшчэ пры цары турмой. Калі глядзіш на гэты горад з боку лугу, яго рознаколерныя аднапавярховыя домікі, платы здаюцца бялізнай, развешанай на даўжэзнай вяроўцы, нацягнутай над перапоўненым зеленаватай вадой карытам Віллі...”, - так пісаў у сваім дзенніку Максім  Танк  25 кастрычніка 1939 года.

Працуе ў сектары нацыянальных школ абласнога аддзела народнай асветы і літработнікам  у абласной газеце “Вілейская праўда”, з 17 лютага 1940 года перайменавана ў “Сялянскую агзету”. Змяшчае там свае артыкулы і вершы. Разам з ім у рэдакцыі – машыністкай працуе будучая жонка паэта Любоў Андрэеўна Асаевіч, з якой пазнаеміўся яшчэ ў віленскай беларускай гімназіі, а пажаніліся ў Вілейцы ў лістападзе 1939 года.   Рэдакцыя размяшчалася ў будынку па вул. Георгіеўскай, д. 7 (зараз вул. Вадап”янава, будынак Палаца культуры).

Падчас працы ў рэдакцыі пазнаеміўся з Ганнай Новік, якая тады рабіла першыя крокі ў паэзіі. На доўгія гады паміж імі ўстанавіліся цеплыя адносіны, вялася перапіска (гэтыя матэрыялы зараз у фондах музея). Дапамог уладкавацца ў рэдакцыю беларускай паэтэсе Наталлі Арсеньевай, якая апынулася ў тыя дні ў Вілейцы, шукаючы сродкаў для жыцця.     

 У 1940 годзе Максім Танк пераязджае ў Беласток,  дзе цалкам аддаецца літаратурнай працы.

Пасля вайны жыве ў Мінску, працуе галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”, старшыней праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, сакратаром Саюза пісьменнікаў СССР, старшыней Вярхоўнага Савета БССР.

Але ніколі Максім Танк не губляў сувязі з Вілейшчынай. Часта наведваў і даглядаў магілу малодшай сятры Веры, якая трагічна загінула падчас фашысцкай акупацыі і пахавана на Касцяневіцкіх могілках. Заўседы з цеплыней і ўдзячнасцю адгукаўся аб Вілейскім краі і яго людзях, якіх па праву лічыў сваімі землякамі.

 

Старшы навуковы супрацоўнік Вольга Коласава